Чацвер, 13 Верасень 2018

Масавыя мерапрыемствы ў Віцебску. Лідэру БНФ не ўдалося пераканаць бурмістра

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Кастусь Смолікаў Кастусь Смолікаў

Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ Кастусь Смолікаў сустрэўся 12 верасьня са старшынём Віцебскага гарвыканкаму Віктарам Нікалайкіным. Актывіст апазыцыі запісаўся на прыём да галоўнага вэртыкальшчыка гораду, каб узьняць праблему адсутнасьці ў цэнтры Віцебску месцаў для правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

Спадар Смолікаў паспрабаваў быў давесьці прадстаўніку мясцовых уладаў, што рашэньне Віцебскага гарадзкога выканаўчага камітэту № 881 ад 10 ліпеня 2009 году, якое рэглямэнтуе правілы ды парадак арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў ў горадзе, носіць дыскрымінацыйны характар і парушае Канстытуцыю. Хоць згаданае рашэньне завецца «Аб масавых мерапрыемствах», яно тычыцца ня толькі мітынгаў, вулічных шэсьцяў і інш., але і адзіночных пікетаў.

На сустрэчу апазыцыянэра з бурмістрам Нікалайкіным «напрасіўся» і карэспандэнт ВВ.

Усю дыскусію Кастусь вёў на беларускай мове. Кіраўнік гарвыканкаму спрабаваў быў таксама адказваць па-беларуску. Але ў яго гэта ня надта добра атрымлівалася, і, прамовіўшы некалькі беларускіх словаў, чыноўнік саскокваў на расейскую. Было бачна: адчуваў сябе ён няёмка, і размова яму не падабалася.

«За што Вы нас не паважаеце? Ёсьць рашэньне нумар 881 Віцебскага гарвыканкаму, пад якім стаіць Ваш подпіс, якое наўпрост парушае Канстытуцыю, правы грамадзян. У мяне пытаньне адно: ці будзе ў Віцебску – акрамя вызначаных месцаў на ўскрайку гораду пад масавыя мерапрыемствы – для, назавём іх так, недзяржаўных палітычных і грамадзкіх структур выдзеленыя месцы ў цэнтры гораду?» – зь месца ў кар'ер пачаў гутарку Кастусь.

Названым рашэньнем пастанаўляецца: «Вызначыць сталымі месцамі правядзеньня масавых мерапрыемстваў у горадзе Віцебску, арганізатарамі якіх выступаюць палітычныя партыі, прафэсійныя саюзы, іншыя арганізацыі Рэспублікі Беларусь, зарэгістраваныя ў належным парадку, і грамадзяне, парк імя Савецкай Арміі (парк «Мазурына») у раёне цэнтральнай сцэнічнай пляцоўкі, парк культуры і адпачынку чыгуначнікаў у раёне цэнтральнай сцэнічнай пляцоўкі, парк 30-годзьдзя ВЛКСМ (за вучэбна-спартовай установай «Спэцыялізаваная дзіцяча-юнацкая спартовая школа алімпійскага рэзэрву «Камсамолец») у раёне скрыжаваньня прысадаў». Паводле кіраўніка БНФ, усе вызначаныя месцы знаходзяцца ў нязручных для грамадзян месцах.

Акрамя таго, «калі арганізацыя масавага мерапрыемства адбываецца без удзелу органаў дзяржаўнай улады, арганізатары мерапрыемства павінны далучыць да заявы аб правядзеньні масавага мерапрыемства наступныя дамовы...» – зь міліцыяй, з установай аховы здароўя і прадстаўнікамі камунальнай службаў. Калі ж мерапрыемства ладзіцца пры ўдзеле дзяржаўных органаў, то гэткіх дамоваў ня трэба. То бок навідавоку дыскрымінацыя паводле палітычнай прыкметы, на што спрабаваў падчас сустрэчы зьвярнуць увагу гарадзкога кіраўніка Кастусь Смолікаў.

Але нічога хібнага бурмістар у тым ня ўбачыў: «У законе так напісана. Чаму так? Таму што сёньня захацеў Смолікаў правесьці, заўтра захацеў Багданаў правесьці, пасьлязаўтра захацеў Нікалайкін правесьці – і кожны раз усё пайшлі і праводзяць. Прыйшлі, семечкі павыкідвалі, паперу панакідалі. І яшчэ: вы прыйшлі з аднымі думкамі, я прыйшоў зь іншымі, пачаліся сутычкі. Міліцыя абавязаная там быць. І пачынаецца. А хто за гэта ўсё будзе плаціць?» – абураўся Віктар Нікалайкін.

Размовы па сутнасьці так і не атрымалася. Чыноўнік стаяў на сваім і не прымаў ніякіх довадаў. А спасылаўся толькі на нормы закону і на тое, што ўсе рашэньні і законы, маўляў, праходзяць юрыдычную экспэртызу, а значыць усё правільна. Дый месцы, выдзеленыя пад масавыя мерапрыемствы, на думку Мікалайкіна, цалкам добрыя: «Што, Вам цяжка прайсьці 500 мэтраў ад вакзалу да парку чыгуначнікаў?» – пытаўся ён.

«У мяне адчуваньне, што вы працуеце не дзеля народу. Я – прадстаўнік народу. Вы ня хочаце мяне пачуць. Вы кажаце: ёсьць закон – выконвай. Добра. Але адзіночны пікет нічога не патрабуе, ніхто там ня будзе семак раскідваць. Чалавек стаіць з плякацікам. Хіба так цяжка ў цэнтры гораду вызначыць месца для правядзеньня адзіночных пікетаў? Не патрэбныя супрацоўнікі міліцыі – усюды камэры стаяць. Хуткую выклікаць – тут даехаць да цэнтру 3 хвіліны. Я ж не прашу, напрыклад, правядзеньня ў цэнтры гораду дваццацітысячнага мітынгу супраць закону аб дармаедах. Гэта будзе само сабой арганізавана, калі людзям ужо накіпіць. Я, як прадстаўнік палітычнай структуры, кажу вам, што гэтыя месцы не адпавядаюць ні Канстытуцыі, ні Закону аб масавых мерапрыемствах. Яны парушаюць гэтыя заканадаўчыя акты. Не пачулі вы мяне. Не пачулі. Шкада», – рэзюмаваў напрыканцы сустрэчы Кастусь.

Уладзімер Бяляўскі