Серада, 08 Ліпень 2015

З пачатку году 25 жыхароў Віцебскага раёну накіраваныя ў ЛПП

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

За бягучы пэрыяд гэтага году судом Віцебскага раёну было вынесена 9 пастаноў аб прыцягненьні да адміністрацыйнай адказнасьці паводле часткі 2 артыкулу 17.3 КаАП, а паводле часткі 3 - 43. Па рашэньні Фэміды 25 грамадзян ужо праходзяць лячэньне і працатэрапію ў лячэбна-працоўным прафілякторыі.

Сярод іх ужо ў трэці раз апынуўся жыхар вёскі Доўжа 50-гадовы Мікалай, які знаходзіцца на ўліку ў наркалягічным дыспансеры. Ён сыстэматычна прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці за ўчыненьне правапарушэньняў у стане алькагольнага ап’яненьня.

«Заключэньне спэцыялістаў пацьвердзіла, што ён пакутуе на алькагольную залежнасьць і мае патрэбу ў прымусовай ізаляцыі і мэдыка-сацыяльнай рэабілітацыі. Сабраныя па матэрыялах справы доказы далі падставы для накіраваньня Мікалая ў ЛПП на 12 месяцаў», - распавяла загадчыца канцылярыі суду Віцебскага раёну Людміла Варашылава.

Столькі ж будуць атрымліваць ўстаноўку на цьвярозасьць жыхарка аграгарадка Копці Тамара і Алена зь Янавіч. Паводле слоў супрацоўніцы суду, усе зацікаўленыя службы імкнуцца разабрацца ў кожным асобным выпадку такой катэгорыі грамадзян, тлумачаць, які фінал іх чакае.

Як адзначыла загадчыца канцылярыі, «квіток» у ЛПП атрымліваюць грамадзяне, хворыя на хранічны алькагалізм, наркаманію або таксыкаманію, якія на працягу году 3 і больш разы прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасьці за ўчыненьне правапарушэньняў у стане алькагольнага ап’яненьня або выкліканага ўжываньнем наркатычных сродкаў, псыхатропных, таксычных або іншых адурманьваючых рэчываў. У прафілякторый накіроўваюцца і тыя, хто атрымліваў папярэджаньне і на працягу году зноў расчароўваў сваімі паводзінамі.

Паводле pridvinje.by