Субота, 08 Чэрвень 2019

Зьміцер Вайцюшкевіч выступіў на выпускным вечары курсаў “Мова Нанова” ў Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)
Зьміцер Вайцюшкевіч у Віцебску Зьміцер Вайцюшкевіч у Віцебску

Выпускны вечар для слухачоў “Мова Нанова” прайшоў 5 чэрвеня ў віцебскім арт-пабе “Торвальд”. Госьцем выпускнога стаў вядомы беларускі музыка Зьміцер Вайцюшкевіч. Моўныя курсы “Мова Нанова” праходзяць у Віцебску ад 2014 году. Гэта ўжо пяты, і юбілейны, выпуск.

Імпрэза пачалася з відэапрэзэнтацыі, якая нагадала гледачам самыя яскравыя моманты з пяцігадовай гісторыі курсаў. Цягам гэтага часу “Мова Нанова” зьмяніла ўжо некалькі адрасоў: выкладалі і ў культурна-гістарычным комплексу “Залатое кальцо гораду Віцебску”, і ў канфэрэнц-залі адной з турыстычных фірмаў гораду. І вось некалькі гадоў запар курсы праходзяць у арт-пабе “Торвальд”.

Колькасьць знакамітых гасьцей – музыкаў, пісьменьнікаў, актораў ды проста  цікавых людзей, якія пабывалі тут за гэты час, – ужо не паддаецца падліку. Што да Вайцюшкевіча, то для яго гэта ня першае выступленьне на віцебскіх курсах. Ён прыяжджаў у Віцебск у 2014 годзе і, як запэўніваюць арганізатары, сабраў тады поўную залю слухачоў у “Задзвіньні”.

Падчас вечарыны ганаровымі дыплёмамі і сувэнірамі былі ўзнагароджаныя  выпускнікі і госьці курсаў. Прычыны, чаму людзі прыйшлі вывучаць беларускую мову, розныя. Хтосьці прыйшоў за кампанію, а ў кагосьці быў сьвядомы выбар.

“У верасьні 2015 году я была на канцэрце, і гучала песьня “Аксаміткі”. І я спытала сябе з жахам: “А што такое аксаміткі?” Аж не магла ўжо прысутнічаць на канцэрце – так мучыла мяне гэтае пытаньне. А ўспомніць не магла, што гэта такое. І стала страшна, што я забываю нашую мову. Вось пасьля гэтага і пайшла на курсы “Мова Нанова”, – падзялілася ўспамінамі адна з пастаянных “курсантак” Натальля Сьліжэўская.

Зьміцер Вайцюшкевіч выступіў у заключнай частцы выпускной вечарыны. Ён выканаў некалькі дзясяткаў песень. Прагучалі як прэм'ерныя творы, так і хіты – “Беларусачка”, “Галодны воўк”, “Будзе дождж” ды іншыя.

Цягам амаль дзьвюх гадзін слухачы радасна пляскалі і падпявалі.

Як запэўнілі арганізатары, курсы прадоўжаць сваю адукацыйную дзейнасьць і будуць надалей радаваць віцяблян цікавымі і чаканымі сустрэчамі.

Уладзімер Бяляўскі