Панядзелак, 04 Люты 2019

У Віцебску прайшла творчая вечарына з паэткай Людмілай Сіманёнак

Ацаніць гэты матэрыял
(24 галасоў)
Людміла Сіманёнак Людміла Сіманёнак

Сустрэча з загадчыцай літаратурнай часткі Беларускага тэатру «Лялька» і сябрам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў адбылася ў абласной бібліятэцы ў межах праекту «Чалавек Слова», які рэалізуе бібліятэка на сталай аснове, запрашаючы да сябе ў госьці розных творчых асобаў.

Паслухаць вершы на беларускай мове і расповеды пра дзяцінства і творчы шлях Людмілы прыйшлі яе калегі па пяру, артысты тэатру «Лялька» і проста прыхільнікі яе літаратуры.

У залі былі заўважаныя шмат хто з культурнай і грамадзкай эліты гораду – віцебскія пісьменьнікі Франц Сіўко, Міхась Мірановіч, Кастусь Севярынец, кіраўніца віцебскага абласнога аддзяленьня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Настасься Лазебная, знаўца віцебскай даўніны Аркадзь Падліпскі, грамадзкі і палітычны актывіст Барыс Хамайда і многія іншыя. Дык што можна сьмела сьцьвярджаць, што паслухаць Людмілу Сіманёнак прыйшоў увесь гарадзкі бамонд.

Як распавяла спадарыня Людміла, першы яе літаратурны зборнік выйшаў яшчэ ў 90-х гадох дзякуючы фундацыі газэты «Выбар», галоўным рэдактарам якой быў Барыс Хамайда, за што яна яму вельмі ўдзячная. А ўжо пасьля, як лягічны працяг, пайшлі сьледам выдавацца зборнікі ў дзяржаўных выдавецтвах.

«У чым мне пашанцавала ў літаратурным жыцьці? Паверце, мне ні разу, ніколі не даводзілася хадзіць па выдавецтвах, прасіць: надрукуйце мяне, калі ласка. Першы раз гэта быў падарунак ад Барыса Ханонавіча. "Мастацкая Літаратура" таксама зрабіла падарунак, таму што загадчыку проста папаўся неяк пад руку нейкімі вакольнымі шляхамі мой першы зборнік. У Саюз пісьменьнікаў я, скажам так, ня вельмі прасілася. Мяне туды таксама актыўна вельмі запрасілі», – сказала напачатку паэтка.

Вельмі эмацыйным і пранікнёным выявілася прамова віцебскага актора і барда Яўгена Савельева. Ён выканаў некалькі ўласных песень, пакладзеных на вершы Людмілы, – «Эўфрасіньня Полацкая», «Стары храм» і іншыя.

Яўген Савельеў

Пісьменьнік Франц Сіўко выказаў паэтцы вялікую падзяку за тое, што фактычна яе намаганьнямі ўдалося захаваць віцебскую суполку Саюзу пісьменьнікаў.

«Яна мяне проста выручыла ў час, калі ў нас не было магчымасьці, як сёньня, нідзе выступіць, нікуды пайсьці. Мы былі цалкам ізаляваныя. Нас не заўважалі. Нас не заўважалі знарок. Нас выціскалі людзі, некаторых зь якіх ужо няма на іх месцах. Яны гэта рабілі. І я проста папрасіў Людмілу Іванаўну – давай мы зробім і так, і так і так. І наш плян ажыцьцявіўся. Сёньня яна не прызналася пра гэта. Не пахвалілася, што была некалькі гадоў кіраўніком пісьменьніцкай арганізацыі. Яна ўзначальвала гэтую арганізацыю. Час быў вельмі складаны. І дзякуючы гэтаму, магчыма, а я перакананы, што гэта менавіта так, наша арганізацыі захавалася», – падзяліўся ўспамінамі пісьменьнік.

Франц Сіўко

Было яшчэ сказана шмат цёплых і прыемных слоў ад кіраўніцы віцебскага абласнога аддзяленьня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Настасьсі Лазебнай, ад мясцовых пісьменьнікаў і ад калегаў па тэатры. Былі кветкі і шмат вершаў.

Міхась Мірановіч

Напрыканцы імпрэзы артысты тэатру «Лялька» прапанавалі гледачам паспрабаваць сябе ў ролі лялькаводаў і ўзяць удзел у невялічкім спэктаклі. Мяркуючы па настроі удзельнікаў, ім вельмі спадабалася гэтая задума.

Уладзімер Бяляўскі