Паводле словаў майстроў, якія займаліся рэканструкцыяй строяў, самым складаным было знайсьці інфармацыю, давялося зрабіць шмат экспэдыцыяў, а матэрыялу назьбіралася ня так і шмат. Але і выраб самога касьцюму – нялёгкая справа.
– Гэта вельмі цяжкая праца, таксама трэба шмат грошай укласьці, каб зрабіць дасканалы строй. Усё сшываецца ўручную.
– Мы шукалі матэрыялы, аднаўлялі іх. Мне давялося вышываць бісэрам гарсэт. Калі апранаеш народныя строі, а ў мяне быў вобраз паненкі, адчуваеш сябе сапраўднай паненкай!
– Было цяжка, але вельмі хацелася зрабіць касьцюм такім, якім ён быў насамрэч. Гэта для мяне было важна. Я лічу, калі ўзяўся за справу, трэба рабіць яе дасканала.
На першым абласным сьвяце-конкурсе народнага касьцюму “Сьцяжкі майстэрства”, які праходзіў у Сяньне напрыканцы мінулага году, глыбоцкі касьцюм заняў другое месца. Майстры Глыбоччыны былі ўганараваныя дыплёмам у намінацыі “Рэканструкцыя традыцыйнага ладу рэгіёну”. На конкурс Глыбоцкі дом рамёстваў прадставіў рэканструкцыю касьцюмаў Х-ХІІ стагодзьдзяў.
Крыніца: Радыё Рацыя