Прадстаўнікі розных дэмакратычных структур зьбіраюць подпісы пад зваротам да пракурора вобласьці, дзе просяць вынесьці пратэст на рашэньне суду, згодна зь якім віцебскага лекара Ігара Пастнова зьмясьцілі ў псыхіятрычны шпіталь. Праваабаронцы прапануюць правесьці пікеты салідарнасьці з Пастновым, якому пастаўлены дыягназ «хранічнае разладзьдзе з трызьненьнем» пасьля крытычных выступаў пра стан і дзейнасьць мясцовых мэдычных установаў і пазыцыю старшыні аблвыканкаму Аляксандра Косінца.

Ігар Пастноў заключыў дамову з адвакатам на складаньне касацыйнай скаргі на рашэньне суду Віцебскага раёну. Адвакат складзе скаргу пасьля дэталёвага знаёмства з рашэньнем судзьдзі Тацьцяны Дзегцяровай, вывучэньня акалічнасьцяў судовага працэсу, на якім не было ні самога Пастнова, ні яго абаронцы, а толькі судзьдзя і намесьнік галоўурача віцебскага абласнога псыхіятрычнага шпіталя спадар Панамароў. Потым ён завязе касацыйную скаргу на подпіс да Ігара Паснова, які ўжо больш за тыдзень утрымліваецца ў псыхіятрычным шпіталі.

21 жніўня ў другой палове дня судзьдзя Дзегцярова суду Віцебскага раёну на падставе рашэньня ўрачэбна-кансультацыйнай камісіi (УКК) і са згоды Віцебскай гарадзкой пракуратуры ў прысутнасьці намесьніка галоўнага ўрача па мэдычнай частцы па псыхіятрыі УАЗ Віцебскага абласнога клінічнага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі І. Панамарова вынесла пастанову аб прымусовым псыхіятрычным лячэньні Ігара Пастнова. Паседжаньне суду праходзіла без удзелу грамадзкасьці, прадстаўніка пракуратуры, законнага абаронцы, самога спадара Пастнова і яго блізкіх сваякоў.

Журналіст Уладзімер Жыгулоў распавёў пра ўмовы знаходжаньня лекара Ігара Пастнова ў закрытым другім аддзяленьні Віцебскага абласнога псыхіятрычнага шпіталя:

Доктар Ігар Пастноў, які супрацоўнічаў зь недзяржаўнымі мэдыямі і ня раз крытыкаваў мясцовыя ўлады на чале з губэрнатарам Аляксандрам Косінцам за занядбаны стан мэдыцыны ў рэгіёне і карупцыю, прымусова зьмешчаны ў закрытае аддзяленьне № 2 Віцебскага абласнога клінічнага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі – менавіта ў гэтай установе ён працаваў. Каб зьмясьціць лекара ў вар’ятню, да яго прыйшлі на працоўнае месца і прад’явілі адпаведную пастанову пракурора.