Чацвер, 15 Жнівень 2013

Лекар-праўдалюб Ігар Пастноў зьмешчаны ў псыхлякарню

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ігар Пастноў Ігар Пастноў

Доктар Ігар Пастноў, які супрацоўнічаў зь недзяржаўнымі мэдыямі і ня раз крытыкаваў мясцовыя ўлады на чале з губэрнатарам Аляксандрам Косінцам за занядбаны стан мэдыцыны ў рэгіёне і карупцыю, прымусова зьмешчаны ў закрытае аддзяленьне № 2 Віцебскага абласнога клінічнага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі – менавіта ў гэтай установе ён працаваў. Каб зьмясьціць лекара ў вар’ятню, да яго прыйшлі на працоўнае месца і прад’явілі адпаведную пастанову пракурора.

Ігар Пастноў за свае публічныя выказваньні і актыўную жыцьцёвую пазыцыю шмат разоў падвяргаўся рэпрэсіям. Сёлета ў студзені ён быў звольнены з пасады дзіцячага лекара. Каб знайсьці новую працу, спатрэбілася некалькі месяцаў. Нядаўна апальны лекар распавёў пра незадаволенасьць ідэоляга на новым працоўным месцы яго крытыкай уладаў і кіраўніцтва ўстановы аховы здароўя, дзе ён пачаў працаваць, у інтэрнэце.

У інтэрнэце доктар Пастноў апублікаваў некалькі відэаролікаў. Па гіроніі, менавіта стану спраў у псыхіятрыі быў прысьвечаны яго апошні відэазварот, які зьявіўся ў сеціве 4 жніўня. У сваім звароце лекар падзяліўся з гледачамі інфармацыяй пра факты прымусовай шпіталізацыі жыхароў Віцебску ў псыхлякарню.

Лекары – калегі Ігара Пастнова ў шоку, але пра акалічнасьці справы маўчаць. Спадар Пастноў змог зьвязацца з журналістамі: «Не выключаю, што да мяне будуць ужытыя ўсе “вабноты псыхушкі”. З гэтай нагоды заяўляю пратэст і прашу грамадзкасьць гораду Віцебску і ўсіх тых, хто мяне знае, не пакідаць самавольства беспакараным! Пакуль знаходжуся ў асобнай палаце, пэрсанал аддзяленьня ставіцца да мяне добразычліва», – паведаміў доктар.

Вядома, што Ігар Пастноў пісьмова адмовіўся ад якіх-небудзь мэдычных працэдур і запатрабаваў ад галоўнага лекара УАЗ «ВАКЦ псыхіятрыі і наркалёгіі» Алены Мартынавай скліканьня незалежнай псыхіятрычнай камісіі. Праз свайго сябра ён накіраваў скаргу ў Генэральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь.