Паводле Сяргея Рыжова, даверанасьць у шпіталі атрымаць было праблемай — спачатку прадстаўнікі адміністрацыі перадалі яму, што Пастноў ня хоча бачыць яго даверанай асобай:
«Але мяне падманулі, і Пастнова таксама — зь ім пра маю асобу ўвогуле не было гаворкі. Я даведаўся пра гэта ад Ігара Пастнова асабіста. 9 верасьня я яго адведаў, і мы зь ім размаўлялі больш за гадзіну. Нашу гаворку, у якой брала ўдзел і загадчыца аддзяленьня Натальля Васільева, я запісваў на дыктафон. Пярэчаньняў зь яе боку не было. Праз пэўны час у пакой зайшоў намесьнік галоўурача шпіталя Ігар Сьвіркуноў і загадаў мне сьцерці запіс. Інакш мяне пагражалі ня выпусьціць і выклікаць міліцыю. Давялося зрабіць выгляд, што запіс я зьнішчаю. Але насамрэч я змог яго захаваць, бо Пасноў шчыра апавядаў пра тое, што зь ім робяць у шпіталі. Я пакінуў шпіталь, і праз пэўны час патэлефанаваў на пост дзяжурнай мэдсястры — па гэтым нумары дазваляюць размаўляць з пацыентамі. Але пачуўшы маё прозьвішча, слухаўку кінулі. Я патэлефанаваў у ардынатарскую, і ўжо там мне сказалі, што нашы зносіны з Пастновым абмежаваныя на падставе артыкулу 40 Закону аб псыхіятрычнай дапамозе».
У гэтым артыкуле гаворыцца, што пацыенты псыхіятрычнага шпіталя могуць быць абмежаваныя ў некаторых правах паводле распараджэньня лекараў. У прыватнасьці, ім можа быць забаронена сустракацца з наведнікамі або карыстацца тэлефонам, калі гэта, на думку лекара, «уяўляе небясьпеку для пацыента або іншых асобаў».
На думку Сяргея Рыжова, абмежаваньне на зносіны выкліканае тым, што прагучала на сустрэчы. Ігар Пастноў скардзіўся на абразьлівыя мэтады прымусовага лячэньня — яму заціскаюць нос, каб ён быў вымушаны адкрыць рот, і мэдыкі змаглі змусіць яго праглынуць лекі.
Паводле Сяргея Рыжова, Пастноў выглядае змучаным, зацкаваным, і лекары былі незадаволеныя, калі гутарка заходзіла пра асаблівасьці прымусовага лячэньня. Незадавальненьне лекараў выклікала і абяцаньне Сяргея Рыжова хадайнічаць, каб датычных да справы Пастнова лекараў дадалі да сьпісу асобаў, якім забаронены ўезд у Эўразьвяз, і паведамленьне пра тое, што фактам зьмяшчэньня Ігара Пастнова ў псыхіятрычны шпіталь заклапочаныя расейскія ды іншыя замежныя праваабаронцы.
Ігар Пастноў знаходзіцца ў 2-м закрытым аддзяленьні абласнога цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі з 16 жніўня. Раней ён працаваў у гэтай установе псыхіятрам у наркалягічным аддзяленьні. Ён стаўся пацыентам у сваіх былых калегаў пасьля чарговага відэазвароту ў інтэрнэце, дзе ўжо ня першы раз скрытыкаваў абласное кіраўніцтва і працу мэдычных установаў вобласьці. Ігар Пасноў казаў таксама і пра тое, што яму пагражаюць прымусовым псыхіятрычным лячэньнем. Прымусовае лячэньне 21 жніўня санкцыянавала судзьдзя Віцебскага райсуду Тацьцяна Дзегцярова. Пастноў зь ім катэгарычна ня згодны: яму не далі прысутнічаць у судзе, заключыць дамову з адвакатам, і ўвогуле ён пэўны, што прымусовае псыхіятрычнае лячэньне — гэта помста за крытыку ўладаў.