Помнік ахвярам бальшавіцкага тэрору, забітым ва ўрочышчы Хайсы ў 1937-1941 гадох, адкрылі 14 верасьня на ўскрайку “расстрэльнага” лесу. Удзел у імпрэзе ўзялі жыхары навакольных вёсак, грамадзкія актывісты зь Віцебску, Менску ды Воршы. Помнік асьвяціў каталіцкі сьвятар Віктар Місевіч.

Актывісты “Альтэрнатывы” абскардзілі ў Віцебскім аблвыканкаме адмову гарадзкіх уладаў разьмясьціць у цэнтры Віцебску шыльдачкі з гістарычнымі назвамі вуліцаў. У аблвыканкаме да ідэі паставіліся больш прыхільна. У адказе на скаргу паведамілі, што “дадзеная прапанова можа быць рэалізаваная пасьля грунтоўнай дапрацоўкі”.

Сябры грамадзкай ініцыятывы “Хайсы – віцебскія Курапаты” працягваюць добраўпарадкаваць месца сталінскіх расстрэлаў пад вёскай Хайсы Віцебскага раёну. Да крыжоў, якія ўсталяваныя ў 2017 годзе на ўскрайку “расстрэльнага” лесу і да магілы ахвяр сталінскага тэрору актывісты пракладаюць дарожку.

У пятніцу 23 жніўня дзень народзінаў адзначае краязнаўца, асьветнік і папулярызатар беларускай культуры і мовы Алесь Юркойць. У 2017 годзе ён быў асуджаны на 7 гадоў зьняволеньня па справе мытнікаў і адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі “Віцьба”. Сваёй віны Юркойць не прызнаў. Беларускі ПЭН-цэнтар заклікае павіншаваць зьняволенага са сьвятам.

“Грамадзкі транспарт Воршы ўжо некалькі гадоў выкарыстоўвае толькі расейскую мову ў сваёй працы. Беларуская мова, на якой раней абвяшчаліся прыпынкі ў аўтобусах, адсутнічае як у абвестках, так і ў раскладах на прыпыначных пунктах”, – гаворыцца ў пэтыцыі, якая зьявілася на інтэрнэт-пляцоўцы “Зручны горад”.