– Спадар Ігар, якія мэты ставілі перад сабой стваральнікі клюбу аматараў даўніны «Узгор’е» ў тыя незабыўныя часы, пачынаючы сваю справу?
– Пры ўтварэньні «Ўзгор’я» ў красавіку 1986 году ягоныя стваральнікі асноўнай мэтай абралі папулярызацыю гістарычнай, культурніцкай і архітэктурнай спадчыны Віцебску. Узнаўляючы ў памяці той час, прыгадваецца ўзьнікненьне разнастайных нефармальных рухаў, суполак, абуджэньне цікавасьці да гістарычнага мінулага, архітэктурнай спадчыны, якая ў савецкія часы актыўна зьнішчалася. Архітэктурнае аблічча гарадоў тады непазнавальна зьмянялася, і людзі інтэлігентныя былі незадаволеная гэтым нэгатыўным працэсам культурнага занядбаньня. Было, вядома, на той час Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, але як і цяпер – гэта была фактычна чыста намінальная структура, якая вяла ўлік помнікаў, але ніякім чынам паўплываць на іхны лёс не магла.
– Хто знаходзіўся ў вашых шэрагах, і з чаго вы пачыналі?
– Чальцамі «Ўзгор’я» былі розныя людзі: ад спэцыялістаў у галіне гісторыі і архітэктуры да звычайных працоўных, якія цікавіліся мінулым свайго краю і гораду. Быў, вядома, касьцяк, утвораны, так бы мовіць, явачным парадкам, калі мы пачалі рыхтаваць да рэстаўрацыі руіны Пакроўскай царквы. Яна доўгі час была закінутая і выкарыстоўвалася як сьмецьцевы кантэйнэр, а да таго ў будынку кляштару быў сьледчы ізалятар. Пабудовы стаялі пустыя. Улада была разгубленая: ня ведала, што рабіць. Перашкодаў ніхто не чыніў, ніякага рэпрэсіўнага закону кшалту «больш за трох не зьбірацца» і « ў далоні ня пляскаць» не існавала. Вось. Таму ніхто і не чапаў.
Мы прынесьлі рыдлёўкі з насілкамі, адчынілі царкоўную браму і пачалі гэта сьмецьце выносіць наўпрост на вуліцу. Улада нас заўважыла і пачала патроху супрацоўнічаць: быў арганізаваны вываз сьмецьця. Другім знакавым на той час аб’ектам ў горадзе быў касьцёл Сьвятой Барбары. Рэстаўрацыйныя майстэрні ўжо працавалі, і мы дапамагалі прафэсіяналам, выконваючы, так бы мовіць, некваліфікаваную працу: выносілі сьмецьце, будаўнічы друз…
– Якой дзейнасьцю яшчэ займаліся «ўзгорцы», і ці выканалі вы пастаўленыя перад сабой мэты?
– Я лічу, што чальцы «Ўзгор’я» выканалі сваю гістарычную задачу: мы спынілі паступовае зьнішчэньне гістарычнага аблічча Віцебску. Да гэтага і сама царква, і кляштар рыхтаваліся пад знос, але праз наш грамадзкі супраціў, празь зьбіраньне подпісаў, пісаньне лістоў у розныя інстанцыі з просьбай пакінуць для нашчадкаў архітэктурныя аб’екты мінулага, улада адмовілася ад сваіх намераў. У рэшце рэшт мы здолелі прыцягнуць ўвагу грамадзкасьці і жыхароў гораду да тысячагадовай гісторыі Віцебску.
Апроч пералічанага мы займаліся і прапагандысцкай працай, інфармацыйнай. Сваім коштам мы рабілі фотавыставы – такія некалькі фотаздымкаў на пляншэтах: як гэта было раней, як выглядае цяпер. Разьмяшчалі пляншэты ў вітрынах крамаў, што практычна не магчыма ўявіць у сёньняшніх умовах. Усё, пра што я цяпер кажу, па сёньняшніх мерках проста фантастыка. У нас быў свой лягатып, якім мы пазначалі нашы творчыя працы. Тады гэта было элемэнтарна: прыйшоў і ўзгадніў з загадчыцай крамы. Адмоваў не было: « Калі ласка, стаўце!». Ніякай крамолы ніхто не шукаў.
Зазвычай нашы фота выстаўляліся ў краме «Тысяча дробязяў», што месьцілася на плошчы Перамогі. У ёй былі вялікія вокны і ,што галоўнае, заўжды хапала народу. Праз гэтыя выставы мы зьмянялі псыхалёгію і простых людзей, і гарадзкіх уладаў, якія пасьля вайны як пачалі зьнішчаць усё, што бачылі перад сабой, так і не маглі спыніцца. Нішчылася ўся старая забудова, я ўжо не кажу пра культавыя будынкі, якія руйнаваліся ў першую чаргу. Так яны лупілі і лупілі аж да васьмідзесятых гадоў. Фактычна нам удалося спыніць гэты працэс. На той час у нас не было нават рэстаўрацыйных майстэрняў, якія ўтварыліся толькі пасьля таго, як Беларусь стала незалежнай. Вось толькі тады яны і пачалі займацца стварэньнем праектаў і вытворчай працай па рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры.
– Ігар, было б цікава даведацца, што сталася з Вашымі аднадумцамі, калі Беларусь паўстала як незалежная краіна.
– Мы палічылі, што наша задача вырашаная: Беларусь – незалежная дзяржава; створаныя рэстаўрацыйныя майстэрні, якія займаюцца справай прафэсійна, і нам ня трэба бегаць з рыдлёўкамі; існуе дэпартамэнт па ахове спадчыны, які мусіць адсочваць лёс кожнага гістарычнага помніку. Большасьць «узгорцаў» сышла ў палітыку, бо актыўна пачалі ўтварацца палітычныя партыі, кожны займеў магчымасьць абраць тое, што яму было бліжэй. Хтосьці, праўда, не пайшоў ні ў якую палітыку, але быў актыўным і ідэйна нейкую партыю падтрымліваў. Аднак аказалася, што знайшоўся ў нашай краіне чалавек, які павярнуў час назад.
– Мінула 20 гадоў, але калі паглядзець на новыя пакаленьні, дый на людзей старэйшага веку, узьнікае ўражаньне, што нехта адбіў у іх ахвоту да гісторыі. Табе так не падаецца?
– Хто адбіў ахвоту? Гэта прапагандысцкая машына дзяржавы. Каторы год яна дзяўбе тутэйшаму насельніцтву адно: «Чарка, скварка, іншамарка. Чарка, скварка, іншамарка». У выніку чаго ўсе астатнія зацікаўленьні адвальваюцца, як непатрэбныя рудымэнты. «Чарка, скварка, іншамарка». А з кожным годам усё горш і горш. І ў такіх умовах чалавеку не да гісторыі – яму б выжыць, асабліва цяпер. Яго хвалююць пытаньні, дзе знайсьці грошы, як падрыхтаваць дзіцёнка да школы.
Ёсьць, вядома, нейкі невялічкі кантынгент, які цікавіцца гісторыяй, але гэта нельга параўнаць з тым, што было ў 80-х гадох 20-га стагодзьдзя. Няма ў горадзе і ніводнай моладзевай суполкі кшталту «Ўзгор’я». Існуючае заканадаўства пазбавіла людзей мажлівасьці вольна дыхаць і праяўляць ініцыятыву. Ужо загадзя любая праява самастойнасьці змушае дзяржаву падазраваць чалавека ці супольнасьць. Як толькі зьбіраецца нейкае зборышча, значыць гэта крамола супраць улады. Значыць трэба разагнаць. Каб была цікавасьць да гістарычнага мінулага, дзяржава мусіць праявіць у гэтым кірунку пэўную ініцыятыву, а яе няма, няма ніякай дзяржаўнай праграмы, бо няма нацыянальнай дзяржавы.
У галовах людзей нічога не зьмянілася, яны не навучыліся быць незалежнымі, яны не навучыліся любіць сваю зямлю, сваю культуру, сваю мову. З прыходам Лукашэнкі тут жа пачаўся адкат назад, у квазысавецкае мінулае. На пачатку 90-х гадоў Беларусь робіцца незалежнай дзяржавай са сваім нацыянальным сьцягам, сваім гістарычным гербам, але ў 1994 годзе ўсё вяртаецца на кругі свае. Адсюль і гармідар, і каша ў галовах. Хто мы? Адкуль мы?
– Чаму ў іншых краінах дзяржава займаецца выхаваньнем сваіх грамадзян, а ў нас атлумляе галовы створанымі яшчэ за часамі СССР ідэалягічнымі штампамі?
– Гістарычнае выхаваньне – гэта дзяржаўны клопат. Толькі гэткім чынам можна выхаваць грамадзяніна, патрыёта сваёй краіны. У нас жа выхоўваюцца патрыёты сваёй іншамаркі і свайго ўчастку. Усё! Што далей – гэта не маё. Усё, што сёньня робіцца ўладай для шанаваньня мінулага, зьвязанага з Другой сусьветнай вайной, – гэта савецкая пампэзнасьць, гэта перапеўкі з савецкага мінулага. Усё робіцца па накатаным, нічога новага гэтая ўлада не прыдумала, нават для свайго ўмацаваньня. У іх банэры вісяць: «Досаафаўцы – патрыёты краіны». Якія «досаафаўцы»? У нас, аказваецца, ёсьць «ДОСААФ» – тое, што было створана амаль дзевяноста гадоў таму… У гэтай краіне фактычна няма ніякай ідэалёгіі. Ідэёлягі ёсьць, а ідэалёгіі няма. Куды гэтая дзяржава ідзе? Якім шляхам? Невядома. Апроч Другой сусьветнай вайны была ж і іншая гісторыя, але чаму вы амаль нічога не кажаце пра яе, калі вы патрыёты краіны? І вось гэтае ўбіваньне ў галовы тэзы, што гісторыя пачалася з 1917 году, а асноўная падзея гэтага адрэзку часу – гэтак званая Вялікая Айчынная вайна, скажае мінулае Беларусі, краіны з тысячагадовай гісторыяй.
– Але, мабыць, ты не зусім маеш рацыю, бо нейкі ж зварот да мінулага ёсьць, што тычыцца Віцебску: тут табе і культ княгіні Вольгі, і князя Аляксандра Неўскага зьбіраюцца ўвасобіць у бронзе.
– Гэта ня наша гісторыя. І асоба Аляксандра Неўскага даволі спрэчная. Тое, што мы зараз можам чытаць у дасьледчыкаў, паказвае, што ранейшая гісторыя Беларусі была ледзьве ня цалкам сфальшаваная расейскімі імпэрскімі гісторыкамі, пачынаючы з часоў Кацярыны Другой, а потым гэтую справу падхапілі савецкія навукоўцы. Гісторыя настолькі перакручаная, што дакапацца да ісьціны даволі цяжка. Неўскі, па вялікім рахунку, ня мае да Віцебску ніякага дачыненьня, у адрозьненьне, скажам, ад таго ж Альгерда, які будаваў віцебскія замкі і валодаў горадам.
Што да князя Аляксандра, то ўсталяваньне помніку папросту лабіруе Расейская праваслаўная царква. Ён у іх сьвяты, а ўсю гэтую пляцоўку ўздоўж Дзьвіны яны, так бы мовіць, «забамбілі» за сабой. Дарэчы, амаль там, дзе яны імкнуцца ўсталяваць помнік, знаходзяцца падмуркі Петрапаўлаўскага касьцёлу. Складваецца ўражаньне, што гэткім чынам яны імкнуцца памеціць тэрыторыю. Маўляў, гэта наша месца – і ўсё тут. Дзейнічаюць гэтаксама, як і з усталяваньнем помніку Алексію Другому на Ўсьпенскай гары.
Пералічаныя факты – гэта прыклады рэлігійнай экспансіі Расейскай праваслаўнай царквы. Я іх даўно раскусіў. Яшчэ ў канцы васьмідзесятых гадоў у «ЛіМе» быў надрукаваны мой артыкул «Праваслаўны – значыць рускі». Расейская царква заўжды ішла ў авангардзе русыфікацыі. Нездарма ж было сказана: «Што не дарабіў расейскі штых, даробіць рускі поп, настаўнік і чыноўнік». А поп – гэта на той час ідэалёгія. Дык што трэба разумець, адкуль у гэтага помніку растуць ногі, і гістарычная праўда тут не пры чым. А Беларускі экзархат – гэта, так бы мовіць, Беларуская вайсковая акруга за Саветамі.
– Мне падаецца, стаўленьне гарадзкіх уладаў да гістарычнага мінулага яскрава праявілася ў іхным стаўленьні да ідэі стварэньня археалягічнага музэю. Дарэчы, ці ведаеш ты, як была зробленая кансэрвацыя рэшткаў драўлянай забудовы і гарадзкой брукаванкі?
– Засыпалі. Накрылі поліэтыленавай плёнкай і засыпалі пяском. Рэшткі, вядома, павінны захавацца. Хаця як? Ніякай хімічнай кансэрвацыі не было. Магчыма, і прыйдзе час, калі грамадзтва дасьпее да таго, каб зноў зьвярнуцца да гэтай тэмы. Дзяржава, мабыць, захоча стварыць археалягічны музэй. Але, як казаў паэт Някрасаў: «Жаль только, в эту пору прекрасную жить не придётся ни мне, ни тебе».
Для ўвасабленьня ў жыцьцё ідэі ў свой час апроч фінансаваньня патрэбна была воля дзяржавы, а яе не было. Вось і ўсё. У нас жа ў гарадзкіх уладаў няма імкненьня што-небудзь дасьледаваць. Для гэтага патрэбныя дадатковыя грошы, дадатковыя спэцыялісты, а спэцыялісты ў нас сядзяць у гарвыканкамах, райвыканкамах, у іхных дакумэнтах так і напісана: «спэцыяліст».