Закрыты ўладамі віцебскі арт-паб адрадзіўся ў Кіеве
Арт-паб "Торвальд" адкрыўся ў Віцебску ў 2016 годзе. Установа, размешчаная недалёка ад ратушы і помніка вялікаму князю Альгерду, стала адным з нефармальных цэнтраў беларускай культуры. Тут праходзілі канцэрты, творчыя сустрэчы, фестывалі, адукацыйныя мерапрыемствы. У першую хвалю пандэміі каранавіруса ў "Тарвальдзе" рыхтавалі гарачыя абеды для медыкаў.
Аднак пасля пратэстаў 2020 года праз ціск уладаў паб зачыніўся. "Нягледзячы на ўсе намаганні, нам не ўдалося захаваць бар. Былі створаны ўмовы, калі любая мая дзейнасць у Беларусі - канцэртная, рэстаранная, грамадская - стала проста немагчымая. Я быў вымушаны з'ехаць ва Украіну", - расказвае заснавальнік і ўладальнік арт-паба Віталь. Броўка.
У канцы 2021 года "Торвальд" адрадзіўся ў Кіеве. Тут, як і ў Віцебску, праходзілі канцэрты беларускіх выканаўцаў, адкрытыя лекцыі, дыскусіі, працавалі курсы беларускай мовы "Мова нанова".
"У нас былі вялікія планы на сакавік, але пачалася вайна. У мяне ніколі не было ілюзій наконт пуцінскага рэжыму, але ў тое, што ўсё набудзе такія жахлівыя маштабы, не верылася", - прызнаецца Віталь.
Паколькі "Торвальд" знаходзіцца ў бамбасховішчы на тэрыторыі Міжрэгіянальнай акадэміі кіравання персаналам (МАУП), з першага дня вайны ён спыніў працаваць як паб і стаў выкарыстоўвацца па прамым прызначэнні.
Па словах Броўкі, калектыў і валанцёры стварылі сховішча, дзе часам знаходзілася да 170 чалавек. Пры гэтым усе былі забяспечаны трохразовым гарачым харчаваннем. Таксама валанцёры дапамагалі беларускім добраахвотнікам, прадстаўнікам тэраабароны і ўсім.
Паб стаў валанцёрскім цэнтрам
"Па сутнасці, "Торвальд" стаў валанцёрскім цэнтрам. Калектыў клапаціўся аб прадуктах, вадзе, пэўную дапамогу мы атрымлівалі ад адміністрацыі МАУП, студэнты акадэміі таксама знайшлі ў нас прытулак", - адзначае Віталь.
Аднак зараз існаванне "Тарвальда" і цэнтра для валанцёраў у бамбасховішчы пад пытаннем. Па словах Броўкі, калі ў Кіеве стала спакайней, адміністрацыя акадэміі запатрабавала, каб студэнты, якія былі валанцёрамі, вярнуліся да заняткаў. Таксама хлопцы скардзіліся Віталю, што МАУП прымушае іх заплаціць за інтэрнат, у якім яны месяц не жылі.
У канфлікт паміж ВНУ і студэнтамі былі ўцягнутыя некаторыя супрацоўнікі арт-паба, з-за гэтага адміністрацыя МАУП вырашыла разарваць з "Торвальдам" дамову арэнды.
"Цяпер я прыкладаю максімум намаганняў, каб захаваць "Торвальд" як месца, дзе пасля вайны - а я ўпэўнены, што Украіна пераможа - зможа адрадзіцца беларускае культурнае асяроддзе. Калі не атрымаецца застацца ў ранейшым памяшканні, будзем шукаць новае", - кажа Віталь.
Сам ён з Украіны з'язджаць не збіраецца, беларус верыць, што тут хутка пачнецца аднаўленне гарадоў і для гэтага спатрэбіцца шмат сіл і людзей. “Украіна стала для мяне другім домам. Я адчуваю абавязацельства дапамагчы, чым магу, сваёй валанцёрскай дзейнасцю. Я застаўся тут, як і большая частка нашага калектыву. Як можам набліжаем перамогу”, - тлумачыць Віталь.