Як сцвярджаюць аўтары, мэтай праекту было высветліць, «якія праблемы хвалююць жыхароў гораду, што неабходна змяніць, каб горад развіваўся ў адпаведнасці з інтарэсамі і патрэбамі віцяблянаў».
Галоўнай гарадской праблемай, якая больш за ўсё хвалюе мясцовых грамадзян, аказаўся стан транспартнай інфраструктуры.
На думку больш як 42% рэспандэнтаў, гэтая праблема патрабуе першачарговага развязання. Большасць жыхароў чакаюць паляпшэння працы гарадскога транспарту. Толькі 8% задаволеныя ягонай працай. Амаль 50% выказаліся за развіццё трамвайнай сеткі.
Сярод транспартных праблемаў былі адзначаныя:
- Стан дарог і ходнікаў;
- работа грамадскага транспарту;
- адсутнасць веладарожак;
- недахоп парковачных месцаў;
- скарачэнне трамвайных ліній;
- асвятленне вуліц і двароў.
Як адну з найважнейшых праблем гараджане назвалі недахоп лякарняў і паліклінік. А таксама – недастатковая колькасць зялёных тэрыторый. Толькі каля 30% апытаных палічылі Віцебск «Зялёным горадам». На думку гараджанаў, неабходна ствараць яшчэ больш новых паркаў, сквераў і бульвараў.
Яўген Князеў