Спачатку ў раённай газэце «Жыццё Прыдзвіння» быў надрукаваны артыкул, аўтарка якога паспрабавала была пераканаць чытачоў, што знойдзеныя ў лясным масіве ля вёскі Хайсы чалавечыя косткі нібыта зьяўляюцца парэшткамі савецкіх вайскоўцаў альбо мірных жыхароў, забітых фашыстамі падчас вайны. Вэрсія сталінскіх рэпрэсіяў, да якой схіляюцца грамадзкія актывісты, абапіраючыся на ўспаміны мясцовых жыхароў і знойдзеныя матэрыяльныя сьведчаньні, у газэтнай публікацыі ня згадвалася.
Пасьля з ініцыятывы Мазалаўскага сельскага выканаўчага камітэту грамадзкім актывістам былі дасланыя паведамленьні з просьбамі зьявіцца ў выканкам для дачы тлумачэньняў наконт іх магчымага ўдзелу ў правядзеньні незаконных раскопак. Неабходнасьць дачы паказаньняў тлумачылася тым, што ў выканкам са Следчага камітэту РБ паступілі матэрыялы, датычныя гэтай справы.
На думку актывістаў, такія апытаньні мусілі б праводзіць сьледчыя органы, а не прадстаўнікі сельскага выканкаму, але ж пасьля адмовы распачынаць крымінальную справу у СК зьнікла і неабходнасьць у гэткага кшталту апытаньнях. Таму ініцыятыва выканкаму была ўспрынятая заяўнікамі, як прыхаваны ціск на іх празь іх надта актыўную дзейнасьць.
Тым ня менш дзеля высьвятленьня ўсіх акалічнасьцяў Ян Дзяржаўцаў і Леанід Аўтухоў вырашалі наведаць Мазалаўскі сельскі выканкам.
Як патлумачыў старшыня выканкаму Леанід Дубіна, грамадзкіх актывістаў выклікалі толькі дзеля таго, каб тыя далі тлумачэньні. Далей ён заявіў: «Вас выклікалі ў сувязі з тым, што была інфармацыя, што вы вялі раскопкі. Гэтага рабіць нельга. Самавольна, без узгадненьня нельга рабіць ніякіх раскопак. Хутка будзе працаваць вайсковы батальён. Вы ня мусіце лезьці ў гэтыя справы, бо будзеце пакараныя. Калі пабачаць, што вы самастойна нешта раскопваеце, вас пакараюць».
На гэтую заўвагу старшыні Ян Дзяржаўцаў заявіў, што гэткага кшталту падазрэньні беспадстаўныя, бо яны нічога супрацьпраўнага на месцы пахаваньняў не рабілі. На тым размова і скончылася: маўляў, калі не капалі – значыць, не капалі.
На зваротнай дарозе грамадзкія актывісты наведалі месца пахаваньняў. Кажа Леанід Аўтухоў: «Па ўсім было відаць, нехта зноў праводзіў раскопкі: у самай вялікай пахавальнай яміне з усіх бакоў быў абрынуты пясок, у двух месцах былі скіданыя фрагмэнты абутку і часткі чалавечых парэшткаў, нехта не пабаяўся раскласьці і вогнішча, сьляды якога ня змыў нават нядаўні дождж. Магчыма, нейкія досьледы маглі праводзіць сьледчыя органы, але ж справа зачыненая. На жаль, пры тым узроўні галоснасьці, які існуе ў краіне, даведацца пра гэта грамадзкасьць ня зможа».
Пракамэнтаваў сытуацыю і Ян Дзяржаўцаў: «Леанід Дубіна, як падаецца, прэтэнзіяў да нас ня мае, але тым ня менш папярэджаньні адносна незаконных раскопак выказаў. Што тычыцца пабачаных намі цяпер раскопак, то сыходзячы з таго, што вогнішча палілі не баючыся, мяркую, месца пахаваньня наведалі нейкія кампэтэнтныя органы. Ну што ж, будзем тэлефанаваць старшыню выканкаму, які падазрае нас, а сам ня ведае, што ў яго тут робіцца невядома што. Няхай лепей апытвае міліцыянтаў, а не грамадзян».
https://viciebskspring.org/news/hramadzjanskija-inicyjatyvy/item/384-nyavysvetlenyya-asoby-znou-rabili-raskopki-u-lese-lya-vjoski-khajsy#sigProIde14e753e0e