Аўторак, 13 Лістапад 2018

Рух за мірныя перамены «Гавары праўду» правёў у Віцебску абласны сход

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)

Для сходу віцебскай абласной арганізацыі «Гавары праўду» было выбранае экстравагантнае месца – памяшканьне мастацкага салёну-галерэі «Сьцяна», што месьціцца на вуліцы Леніна. На сустрэчу, якая адбылася 10 лістапада, сабраліся актывісты з розных гарадоў вобласьці – Полацку, Віцебску, Воршы, Бешанковічаў.

На парадку дня стаяла некалькі важных арганізацыйных пытаньняў: правесьці асобны сход віцебскіх сябраў арганізацыі і выбраць гарадзкіх кіраўнікоў для магчымай далейшай рэгістрацыі гарадзкой структуры, правесьці абласны сход, прыняць новых чальцоў, абмеркаваць дзеяньні напярэдадні надыходзячых парлямэнцкіх выбараў і іншыя пытаньні.

Перад сходам колькасьць сябраў арганізацыі ў Віцебскай вобласьці складала 24 чалавекі, зь іх 11 – у Віцебску. Пасьля мерапрыемства шэрагі арганізацыі павялічыліся да 27 чалавек: было прынята 5 новых сябраў  (3 зь іх непасрэдна падчас сходу, а 2 – рэспубліканскай радай), а 2 старыя чальцы, наадварот, напісалі заявы на выхад і былі выключаныя з «Гавары праўду».

У выніку безальтэрнатыўных выбараў кіраўніком віцебскага структурнага падразьдзяленьня стаў Дзьмітры Дычак, гарадзкім рэвізорам – Галіна Багданава. Адбыліся невялікія зьмены і ў абласной структуры: новым рэвізорам абралі Канстанціна Анташкевіча з Воршы, а з абласной рады выключылі Алега Новікава, яго месца заняў новасьпечаны кіраўнік гарадзкой арганізацыі.

Сустрэчу ў Віцебску наведалі і госьці са сталіцы – лідэры «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў і Сяргей Вазьняк. Чакалі яшчэ і экс-кандыдатку у прэзыдэнты Тацяну Караткевіч, але яна не прыехала.

Андрэй Дзьмітрыеў распавёў пра бягучыя справы ў «Гавары праўду», правёў прэзэнтацыю грамадзянскай ініцыятывы «Робім разам» і адказаў на пытаньні прысутных.

На канкрэтным прыкладзе Андрэй паказаў, як кампанія «Робім разам» працуе. Праект «Чыстая сажалка» ў Фаніпалі стартаваў у красавіку падчас рэспубліканскага суботніку. Пры спрыяньні мясцовых уладаў актывісты ўдзельнічалі ў ачыстцы і добраўпарадкаваньні вадаёму. Падчас рэалізацыі праекту было сабрана 470 подпісаў, удалося распрацаваць прапановы для мясцовай улады па добраўпарадкаваньні прылеглай тэрыторыі, пачатае ўзаемадзеяньне з уладамі і па іншых пытаньнях (стварэньне і абсталяваньне пляцоўкі для дрэсіроўкі і выгулу сабак, арганізацыя дня гораду).


Андрэй Дзьмітрыеў

Закрануў Андрэй і агульныя палітычныя пытаньні:

– У нас сёньня ўжо ствараюцца паўсюдна раённыя структуры. Мы сёньня гатовыя стварыць больш за 30 раённых структураў. І мы пакрысе-пакрысе да гэтага рухаемся.

Мы прыцягваем новых людзей, бо мы гаворым, што палітыка – гэта больш не пра адзін інтарэс, як гэта было заўсёды. У апазыцыі заўсёды быў толькі адзін інтарэс, яна прадстаўляла адзін інтарэс – як скінуць Лукашэнку? Чаму апазыцыя гэта рабіла? Таму што яна была ўпэўненая, што большасьць людзей іменна пра гэта і думае, менавіта пра гэта іх галоўная мара – тое, чаго яны хочуць. Але большасьць людзей проста хочуць жыць. Жыць годна. Жыць па справядлівасьці. Адчуваць павагу да сябе.

І дадаў:

– Палітыка для нас – гэта не процістаяньне дабра і зла, не процістаяньне Лукашэнкі і апазыцыі. Палітыка для нас – гэта невялікія пытаньні, якія важныя для людзей. 

Разьвіў гэты тэзіс і Сяргей Вазьняк.


Сяргей Вазьняк

Выступаючы з прэзэнтацыяй базы дадзеных, у якую занесеныя ўсе людзі, што мелі калісьці дачыненьне да «Гавары праўду» – альбо ставілі свае подпісы за вылучэньне ў якасьці кандыдатаў у прэзыдэнты Някляева ці Караткевіч, альбо ўдзельнічалі ў розных мерапрыемствах – Вазьняк сказаў:

– Чым мы заўсёды былі моцныя і чым мы адрозьніваемся ад астатняй апазыцыі? Тым, што наша павестка з пытаньняў, якія хвалююць грамадзян. Менавіта таму мы адышлі ад геапалітыкі. Нам кажуць: НАТА, Расея, Захад, ЗША. Гэта не хвалюе людзей. Людзей хвалюе пэнсія, зарплата. Ці ёсьць у яго ў двары дзіцячая пляцоўка.

Нас апазыцыя крытыкуе за нашы лавачкі. Тое, што мы не глябальнай палітыкай займаемся, а лавачкі фарбуем. А мы якраз гэтым заўсёды і ганарымся. І гэта правільна, таму што гэтыя ўмоўныя лавачкі – найкарацейшы шлях атрымаць давер грамадзян.

Уладзімер Бяляўскі