Зь вялікай доляй імавернасьці можна сьцьвярджаць, што сябрам ініцыятывы «Хайсы» ўдалося высьветліць чарговае імя ахвяры, зьнішчанай у 1937 годзе ў расстрэльным лесе пад Віцебскам. Як пераконвае старшыня ініцыятывы Ян Дзяржаўцаў, у тую жахлівую ноч разам з Антонам Рамашкам былі забітыя яшчэ 47 чалавек. Менавіта столькі імёнаў актывісты знайшлі ў «Картатэцы Сталіна», дзе дата іхнага забойства пазначаная 29 сьнежнем 1937 году. Большасьць з забітых былі палякамі. Іх абвінавацілі ў супрацы з «Польскай арганізацыяй вайсковай» і прызначылі ўсім найвышэйшую меру пакараньня.
Штуршком для пошуку канкрэтнага імя рэпрэсаванага стаў расповед Зьмітра Ганчарова (1928 году нараджэньня) зь вёскі Хайсы. Мужчына распавёў гісторыю, як аднойчы ў 1937 годзе чорны варанок забраў ўначы старшыню калгасу «Заклік» Антона Рамашку, з дачкой якога Яўгеніяй Зьміцер сядзеў за адной партай. Так бы бясьсьледна і зьнік Антон Іванавіч, калі б не адна акалічнасьць: нехта зь вяскоўцаў, бадзяючыся па лесе недалёка ад чыгункі, натрапіў на неахайна засыпанае месца пахаваньня. Зь зямлі тырчэў прыкметны пінжак, які, на думку мужчыны, належаў старшыню калгасу. Пра гэты факт ён паведаміў жонцы Антона Іванавіча. Ці хапіла мужнасьці ў жанчыны схадзіць на месца магчымага пахаваньня мужа, невядома, бо ў часе вайны яна разам з двума дзецьмі некуды зьнікла і назад не вярнулася.
Пачуўшы ўспаміны Зьмітра Ганчарова, сябра ініцыятывы «Хайсы» Андрусь Кешанюк пачаў шукаць празь сеціва дачку рэпрэсаванага старшыні, бо як звалі яе брата Зьміцер Ганчароў, на жаль, ня памятае. І так сталася, што яму ўдалося знайсьці інфармацыю пра Яўгенію Антонаўну Рамашку 1928 году нараджэньня. Жанчына пражывала на хутары Пушкіна Краснадарскага краю, але ўвосень мінулага году яна памерла. Пра гэта паведаміла незалежная віцебская журналістка Алена Сьцяпанава, якой удалося датэлефанавацца на хутар. Праўда, у цяперашні час на хутары пражывае дачка Яўгеніі Рамашкі. Зьвязацца зь ёй пакуль не атрымалася, але надзея даведацца ад жанчыны хаця б нейкай інфармацыі пра лёс яе родных захоўваецца.
Дарэчы, сярод матэрыялаў Віцебскага абласнога архіву Алена Сьцяпанава знайшла мэдычную картку Яўгеніі Рамашкі, у якой апошні запіс лекара пазначаны кастрычнікам 1941 году.
Як мяркуе Ян Дзяржаўцаў, улады мусяць прызнаць урочышча Хайсы месцам масавых забойстваў і зрабіць тут мэмарыял, каб родныя, сваякі і проста неабыякавыя людзі маглі годна ўшаноўваць памяць рэпрэсаваных. Акрамя таго, дзяржава абавязаная адкрыць для грамадзянаў архівы КДБ, як тое зроблена ва Ўкраіне. Гэткі крок дапамог бы грамадзкасьці высьветліць канкрэтныя прозьвішчы ахвяраў, забітых у тым ліку і ў «віцебскіх Курапатах».
https://viciebskspring.org/news/hramadzjanskija-inicyjatyvy/item/2382-vitsebskiya-aktyvisty-ushanavali-pamyats-starshyni-kalgasu-zabitaga-u-lese-pad-khajsami#sigProIdc27a3324e7
С. Горкі