Праблема з паркоўкай у раёне праспэкту Люднікава і вуліц 4-я і 5-я Садовыя мае доўгую гісторыю: яшчэ ў 2005 годзе людзей запэўнівалі ў яе хуткім вырашэньні. З таго часу справа зь месца ня зрушылася, а вось колькасьць машынаў у насельніцтва за гэтыя гады відавочна павялічылася.
Доўгі шэраг легкавікоў штодзённа займае першую паласу дарогі па праспэкце Люднікава, расьцягнуўшыся на некалькі сотняў мэтраў уздоўж. Тыя ж кіроўцы, што вырашаюць прыпаркавацца бліжэй да кардыялягічнага цэнтру, сутыкаюцца зь іншай праблемай. Каб спыніцца, ім даводзіцца альбо псаваць зялёны газон, альбо заяжджаць на ходнікі, перакрываючы рух пешаходам. Дый прыпаркавацца такім чынам здолеюць хіба што з тузін аўто.
За тую гадзіну, што давялося назіраць за працэсам збору подпісаў, сумна не было. Своеасаблівым зрэзам грамадзкіх настрояў можна лічыць рэакцыю грамадзянаў на прапанову актывістаў паставіць свой подпіс у падтрымку. Што тычыцца мяне, то асабліва ўразіў адказ аднаго грамадзяніна, які, адмовіўшыся паставіць свой подпіс пад зваротам, запэўніў, што ініцыятыву падтрымлівае. Ён назваў спадарыню Тацяну Севярынец па імя, хоць яны незнаёмыя, і сказаў, што дужа прыхільна ставіцца да таго, чым яна і яе паплечнікі займаюцца.
Гэта быў апошні дзень збору подпісаў, і я папрасіў спадарыню Тацяну пракамэнтаваць вынікі чарговай кампаніі ды ацаніць актыўнасьць грамадзянаў у вырашэньні будзённых праблемаў, зь якімі людзі сутыкаюцца штодня, але не наважваюцца праявіць якую-небудзь ініцыятыву:
– Ну што тут можна сказаць? Народ ён такі, які ён ёсьць. Але ж тых, хто падтрымлівае нашу кампанію, бясспрэчна большасьць. Так, за чатыры разы цягам гадзіны-паўтары мы сабралі 174 подпісы. Падпісваюцца і тыя, хто лякуецца ў кардыялягічным цэнтры, і тыя, хто прыяжджае іх праведаць, і выпадковыя мінакі, якія не карыстаюцца паслугамі гэтай мэдычнай установы. Але ж ніхто не застрахаваны ад хваробаў сэрца.
І, тым ня менш, ёсьць грамадзяне, якія адмахваюцца ад нашай прапановы падпісацца пад зваротам. Мы разумеем – сьпяшаецца чалавек. Іншыя кажуць, што іх гэта ніякім чынам ня тычыцца. Ёсьць і такія, якія наўпрост баяцца паставіць подпіс, бо, зь іх меркаваньня, ім не патрэбныя непрыемнасьці. Нехта абыякавы і прысьпешвае хаду, абы толькі яго не чапалі. А вось дактары, якія тут працуюць, кажуць, што ня могуць падпісацца, бо зварот пойдзе да галоўнага ўрача кардыяцэнтру, і тады чакай праблемаў. Гэта, вядома, дзікунства, але такі момант у нашых рэаліях прысутнічае.
Карацей, праблема грамадзкай актыўнасьці насельніцтва па-ранейшаму застаецца вельмі вострай, на жаль. Сапсаваныя бардзюры, разьбітыя ходнікі, спляжаныя газоны – ім усё роўна. Я ня ведаю, як можа не балець душа за асяродзьдзе, у якім ты жывеш.
Праўда, радуе тое, што падчас гэтай невялікай нашай кампаніі зьявіліся добраахвотнікі, якія далучыліся да нас і дапамаглі запоўніць некалькі блянкаў. Нават скардзіліся потым, што далі ім замала аркушаў.
За што б мы ні зьбіралі подпісы, увесь час знаходзяцца актыўныя людзі, гатовыя дапамагчы і падтрымаць. Але прыкра тое, што шмат вакол абыякавых людзей. Гэта вельмі і вельмі прыкра.
Неўзабаве 174 сабраныя подпісы мяркуецца перадаць кіраўніцтву гарвыканкаму, гарсавету і галоўнаму лекару кардыяцэнтру.
https://viciebskspring.org/news/hramadzjanskija-inicyjatyvy/item/2308-vitsebsk-gramadzyane-padtrymali-chargovuyu-initsyyatyvu-bkhd#sigProId30d57f4f35
С Горкі