Чацвер, 12 Кастрычнік 2017

Жыхары Білева і Тулава выступілі супраць будаўніцтва сьмецьцесартавальнага заводу пад Віцебскам

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Грамадзяне накіравалі калектыўны зварот у аблвыканкам, Віцебскі райвыканкам, а таксама на адрас упраўленьня капітальнага будаўніцтва. Галоўны аргумэнт: сьмецьцесартавальны завод, які плянуюць пабудаваць на тэрыторыі палігону ў Агародніках, будзе шкодзіць здароўю людзей.

Адзін з ініцыятараў калектыўнага звароту шматдзетная маці Ірына, расказала “Віцебскай вясьне”, што рашэньне змагацца за скасаваньне праекту жыхары прынялі адразу пасьля грамадзкага абмеркаваньня праекту, якое адбылося на пачатку кастрычніка. Тады жыхары віцебскага мікрараёну Білева і пасёлку Тулава так і не прыйшлі да паразуменьня з прадстаўнікамі заказчыка будаўніцтва (Упраўленьне капітальнага будаўніцтва горада Віцебску).

Не адпавядае патрабаваньням санітарных нормаў

Згодна з перадпраектнай дакумэнтацыяй, сьмецьцесартавальны завод будзе пабудаваны на адлегласьці 1,5 км ад гораду на пляцоўцы каля дзейснага палігону цьвёрдых камунальных адкідаў. Меркаваная прадукцыйнасьць – 100 тыс. тон сьмецьця ў год з выбіраньнем другасных матэрыяльных рэсурсаў. Тут плянуецца наладзіць перапрацоўку ПЭТ-пляшак і плястмасы, а таксама вытворчасьць альтэрнатыўнага паліва праз прасаваньне астатняй масы. Пачатак будаўніцтва прызначаны на 2018 год. Завод плянуюць узьвесьці за 25 месяцаў.

У сваім лісьце да ўладаў віцебчукі сьцьвярджаюць, што нават сама назва заводу не адпавядае меркаванай дзейнасьці. Бо прадпрыемства, на якім (апроч сартаваньня) будзе ладзіцца перапрацоўка, ніяк ня можа называцца “сьмецьцесартавальным”.

Менавіта з гэтага, як мяркуюць грамадзяне, вынікае і няправільнае вызначэньне ў дакумэнтацыі межаў санітарна-ахоўнай зоны, якая, паводле заканадаўства, павінна складаць 1000 мэтраў. Між тым, “да бліжэйшага населенага пункту Агароднікі і жылой забудовы па вуліцах Магістральная, Ручаёвая, Фэстывальная ў Віцебску – 800 мэтраў”.

“Узровень азеляненьня і добраўпарадкаваньня санітарна-ахоўнай зоны палігона не адпавядае патрабаваньням санітарных нормаў і правіл. Згодна са справаздачай па ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе, зона ўзьдзеяньня заводу складае 1240 мэтраў, што перавышае санітарна-ахоўную зону і адлегласьць да бліжэйшай забудовы”, - сьцьвярджаецца ў звароце.

“Будуйце, але дзе-небудзь у іншым месцы!”

“Людзі абураныя. Уявіце сабе, мой участак, дзе буду жыць я і будуць жыць мае дзеці (а я шматдзетная маці), знаходзіцца ад палігона на адлегласьці 800 мэтраў. Людзі ў свой час дабіваліся гэтых участкаў, доўга стаялі за імі ў чарзе, каб потым жыць і дыхаць сьвежым паветрам. Такіх людзей шмат. У рэшце рэшт, тут малады раён, ва ўсіх дзеці – падрастаючае пакаленьне. І раптам улады вырашаюць будаваць гэты завод пад самым нашым носам!..” – абураецца Ірына.

Распавядае, што падчас грамадзкага абмеркаваньня праекту супрацоўнікі “УКСу”  увесь час спасылаліся на эканамічную мэтазгоднасьць такога разьмяшчэньня заводу.

“Добра, далёка вазіць сьмецьце вам нявыгадна. А нам, значыцца, будзе выгадна дыхаць смуродам, а потым на лекі грошы выдаткоўваць? Мы з гэтай пазыцыі падыходзім. Будуйце, але дзе-небудзь у іншым месцы”, - кажа ініцыятарка калектыўнага звароту.

Палігон мае быць закрыты

Таксама аўтары калектыўнага звароту спасылаюцца на генэральны плян горада Віцебску, які быў зацьверджаны прэзыдэнтам 14 сьнежня 2016 года. Паводле дакумэнта, палігон пад Віцебскам, дзе зараз плянуецца завод, павінен быць скасаваны і рекультызаваны “ў сувязі з вычарпаньнем ягоных магчымасьцяў”.

Гэтым жа плянам прадугледжвалася будаўніцтва сучаснага сьмецьцеперапрацоўчага прадпрыемства на пляцоўцы паміж вёскамі Копці і Касачы. Пачынаючы з 2014 года гэта быў гучна анансаваны ўладамі праект, які на той пляцоўцы так і ня быў рэалізаваны. Цяпер яго спрабуюць ажыцьцявіць пад самым Віцебскам.    

“Мяркуем, што сьмецьцеперапрацоўчы завод неабходны гораду для зьмяншэньня шкоднага ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе, але разьмяшчаць яго так блізка ад жылых раёна будзе шкодна для здароўя людзей”, - гаворыцца ў звароце.

Пад зваротам падпісалася больш за 60 жыхароў віцебскага мікрараёна Білева і пасёлка Тулава. 12 кастрычніка аўтары апублікавалі таксама пэтыцыю ў інтэрнэце.

Зьміцер Міраш