Пятніца, 19 Чэрвень 2026

Сёння - 102 гады з дня нараджэння Васіля Быкава. На ягонай малой радзіме пра гэта нават не ўспомнілі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Народны пісьменнік Беларусі нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года ў вёсцы Бычкі Вушацкага раёна, дзе сёння працуе яго мемарыяльны музей. У Вушачах у 2021 годзе ўсталявалі бюсты двух знакамітых ураджэнцаў гэтага краю - Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна. Але абодва гэтыя аб’екты засталіся сёння па-за ўвагай работнікаў ідэалогіі і культуры.

Ніводнага радка не прысвяціла Васілю Быкаву раённая газета “Патрыёт”. Зрэшты, як і абласная газета «Витебские вести». З гучнай падрыхтоўкай адзначэння ўгодкаў пачатку Вялікай Айчыннай вайны ніхто не згадвае, што Быкаў быў непасрэдным яе ўдзельнікам і што менавіта ён напісаў самыя шчымлівыя творы пра тыя цяжкія для Беларусі часы.

Затое ўжо не першы тыдзень увагу чытачоў «раёнкі» спрабуюць прыцягнуць да падзеі зусім іншага кшталту – да фестывалю экстрэмальных відаў спорту «ЭкстримПрорыв», які пачынаецца акрат сёння. У трохдзенная праграме – разнастайныя спаборніцтвы, канцэрты, фаершоў і салют. Ускладанне кветак да бюста Васіля Быкава ці наведванне яго музея ў Бычках для «экстрэмалаў» не прадугледжана, а мясцовым вырашылі пра дзень народзінаў  славутага пісьменніка-земляка проста не нагадваць.

Прычыны такога стаўлення вельмі працрыстыя: Васіль Быкаў з’яўляецца класікам беларускай літаратуры, але цяперашняе кіраўніцтва Беларусі ставіцца да яго з асцярожнасцю або нават з адкрытай варожасцю. Пісьменнік адным з першых пачаў пісаць пра рэпрэсіі, а ў ваеннай прозе адлюстроўваў праўду пра жорсткасць сістэмы, штрафбаты, загады «зверху» і культ асобы Сталіна . Гэта ідзе ўразрез з афіцыйнай ідэалізацыяй савецкага мінулага і Вялікай Айчыннай вайны ў сучаснай Беларусі.

Васіль Быкаў рэзка крытыкаваў палітычны курс Аляксандра Лукашэнкі з моманту ўсталявання аўтарытарнага рэжыму ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Ён  быў актыўным прыхільнікам беларускага нацыянальнага адраджэння, выступаў за вяртанне беларускай мовы і сімволікі (бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня»), а таксама адкрыта падтрымліваў Беларускі Народны Фронт (БНФ).

Захар Дзятлаў