Пятніца, 29 Лістапад 2024

Плюс яшчэ 65 000 рублёў. Кошт плошчы герба і сцяга ў Віцебску ўсё расце

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

На сайце дзяржзакупак паведамляецца, што завершаны тэндар на закупку «знака с изображением государственного герба Республики Беларусь и текста государственного гимна Республики Беларусь». Гэта каштавала бюджэту 65 тысяч рублёў.

Закупку ажыццяўляла Упраўленне капітальнага будаўніцтва г. Віцебска. Гэтая арганізацыя пару тыдняў таму абвяшчала тэндэр на закупку гранітнага знака, на якім будзе размешчана назва новай плошчы. Сам гранітны знак каштаваў амаль 80 тысяч рублёў. З улікам «аздабленняў» - ужо 145 тысяч.

Гранітны знак з гербам і тэкстам гімна будзе ўсталяваны ў новай «гарадской прасторы» -- уласна плошчай герба і сцяга яе прызнаюць ужо пасля адкрыцця – асобным рашэннем віцебскіх уладаў. Грошы на стварэнне новага аб'екта гарадской інфраструктуры бяруцца з мясцовага бюджэту, агульная сума выдаткаў публічна не паведамляецца.

Але людзі людзі спрабуюць самі падлічыць прыкладныя выдаткі. Так, гарадскі актывіст Дзмітрый Карняенка высветліў, колькі будуць каштаваць асобныя элементы:
-светладыёдныя экраны (1125069,43 рублёў);
-інтэрактыўны стэнд (129520,51 рублёў);
-лаўкі (100 404,72 рублёў);
-урны бетонныя (19890 рублёў);
-урны палімербетонныя (19890 рублёў);
-кашпо бетонныя (54 450,66 рублёў);
-сістэма кіравання вонкавым асвятленнем (12 600 рублёў).

Адзіная дэталь, якую падкрэсліваюць дзяржаўныя СМІ, - гэта інфармацыя пра тое, што ўласна флагшток для дзяржаўны сцяг Віцебску падарыў мецэнат. І таму, маўляў, гэта бюджэту нічога не каштавала. У адрозненне ад усяго астатняга.

Паводле словаў старшыні аблвыканкама Аляксандра Субоціна, першапачаткова планавалі ствараць Плошчу сцяга і герба больш хуткімі тэмпамі і завяршыць працу ў 2024 годзе, але адкрыццё ўжо перанеслі на наступны год.

Валянцін Конкін