Ужо трэці год абласное ўпраўленне КДБ месціцца ў новым, адмыслова пабудаваным гмаху па вул. Калініна, а гістарычны будынак перададзены музейнай сістэме. Па ім нават водзяць экскурсіі, хаця ўнутры практычна нічога не засталося з «губернатарскай» пары.
Віцебскае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва абвясціла конкурс па выбары падрадчыка для выканання праектных і пошукавых работ па аб'екце «Рэканструкцыя адміністрацыйна-гаспадарчага будынка і службовых пабудоў у г. Віцебску па вул. Савецкая, 18».
Прыкладны кошт рэканструкцыі – больш за 42 мільёны рублёў. Пры гэтым плануецца ўзвесці некалькі новых будынкаў і знесці шэраг старых, якімі губернатарскі палац «аброс» за часы савецкай улады. Знос гэтых непатрэбных збудаванняў абыйдзецца ў больш як 5 мільёнаў рублёў, пішуць «Народныя Навіны Віцебска». Летась паведамлялася, што помнік архітэктуры ўключаны ў абласную інвестыцыйную праграму на на 2023 год, і што праект рэканструкцыі будзе каштаваць 150 тысяч рублёў. Сёлета ж высветлілася, што 148 254 рублі 63 капейкі каштавала толькі падрыхтоўка перадпраектный дакументацыі. А выкананне праектных і вышуковых работ «цягне» ўжо на 2 263 115 рублёў.
«Экспазіцыйныя залы службы КДБ» плануюць размясціць на першым паверсе левага крыла будынка. Побач з'явіцца кавярня на 15 месцаў, а на другім і трэцім паверхах – карцінная галерэя і адрэстаўраванае памяшканне былой дамавой царквы.
У правым крыле запланавана стварэнне залы для рэгістрацыі шлюбаў і залы «для музычных і літаратурных мерапрыемстваў». У асобным «трэцім крыле» будуць абсталяваныя яшчэ дзве кавярні і невялікі гатэль з 8-мі нумароў.
Праектам прадугледжана таксама будаўніцтва адміністрацыйнага будынка, будынка фондасховішча і гаража. Ці будуць нейкім чынам задзейнічаны «скляпенні КДБ», пра якія ў Віцебску ходзіць мноства змрочных чутак, у апісанні праекта нічога не гаворыцца.
Гісторыя будынка на вуліцы Савецкай (былой Дварцовай) бярэ пачатак у 1772 годзе, калі яго збудавалі для шляхцічаў Кудзіновічаў. У 1806 годзе жылы дом быў рэканструяваны пад рэзідэнцыю генерал-губернатара, і да 1917 году лёс будынку быў звязаны з гістарычнымі падзеямі і асобамі царскай Расеі. Пасля Кастрычніцкага перавароту ў помніку архітэктуры размяшчаліся камітэт віцебскай арганізацыі РСДРП(б), віцебскі губвыканкам, пазней мясцовыя структуры адукацыі і статыстыкі. Падчас Вялікай Айчыннай вайны будынак істотна пацярпеў, ад яго фактычна засталіся толькі сцены -- дах, падлога і ўнутранае аздабленне былі знішчаны незваротна. Тым не менш, губернатарскі палац быў рэстаўраваны з укладаннем значных фінансавых сродкаў і перададзены Камітэту дзяржбяспекі. Большасць простых віцяблянаў ніколі не бывала ўнутры гістарычнага помніка, хаця з улікам спецыфікі ўстановы, якая там размяшчалася, гэта хутчэй станоўчы фактар.
Сяргей Мартынаў