Як піша сайт пастаўскай раёнкі postawy.by, да іх у рэдакцыю з такім пытаннем нават звярнулася жыхарка Паставаў Жана Мацеша. Яна праходзіла ў паліклініцы ЦРБ камісію на правы кіроўцы. Жанчына скардзілася на тое, што яе не задавальняе арганізацыя гэтага працэсу і тое, што на яго адводзіцца ўсяго дзве гадзіны – з 14.00 да 16.00. Яе цікавіць, як за дзве гадзіны магчыма прайсці ўсіх лекараў, у той час, калі нарколаг знаходзіцца ў іншым будынку па вуліцы Вакзальнай, які месціцца далёка ад будынку паліклінікі. Хутка дабрацца туды можна толькі на ўласным транспарце або таксі. Вядома, што ў Паставах і раёне яго мае не кожны, у некаторых не хапае грошай на годнае жыццё, тым больш на паездкі ў таксі.
Жане Мацешы цікава, чаму мясцовыя чыноўнікі не зробяць так, каб падчас праходжання камісій і прафмедаглядаў нарколаг вёў прыём у будынку раённай лякарні, дзе і праходзяць усе гэтыя працэдуры. Таксама пастаўчанка задае пытанне, чаму цяпер не дазваляецца прайсці некаторых спецыялістаў у іншыя дні, як было раней.
Жанчыне цікава, чаму працэдурны кабінет пачынае працу ў 8.30, а не ў 8.00 і там людзей абслугоўвае толькі адзін лабарант. Жана Мацеша сцвярджае, што каб здаць кроў на аналіз, людзям даводзіцца гадзінамі сядзець у чарзе пад кабінетам побач з хворымі, якія кашляюць і чхаюць.
Сямён Зуеў