Віцебская плошча Перамогі складаецца з дзвюх частак – мемарыяльнай, дзе ўсталяваны помнік «Тры штыхі», і «забаўляльнай». Першая 9 траўня будзе задзейнічана – да помніка і Вечнага агню будуць ускладаць кветкі. Другая частка – асноўны аб'ект рэканструкцыі: тут перакладаюць брукаванку, бо на плошчы, у дадатак да чатырох наяўных, з'явіцца яшчэ адзін фантан. Але адзін з будынкаў, які «глядзіць» на плошчу, ужо змяніў знешні выгляд: на жылой дзевяціпавярхоўцы замянілі літары, якія складаюць надпіс «Подвиг советского народа бессмертен». Прыкладны кошт 33-ці светлавых об'ёмных знакаў-літар склаў 320 000 рублёў. Такім чынам, сярэдні кошт адной літары эквівалентны $2 964. Днямі на даху гэтага дома з'явіўся яшчэ адзін элемент - копія штурмавога сцяга 150-й ордэна Кутузава ІІ супені Ідрыцкай стралковай дывізіі, які 1 траўня 1945 г. быў узняты над берлінскім рэйхстагам. Што мусіць сімвалізаваць "захоп" вайсковым падраздзяленнем жылога будынка, гараджанам ніхто не патлумачыў.
Зрэшты, ніхто не раіўся з віцеблянамі і наконт рэканструкцыі плошчы – ні цяпер, ні раней, калі на яе ўскрайку размясцілі абласную Дошку гонару, ні ў 2009 годзе, калі быў знішчаны вялікі мемарыяльны сквер, плошчу якога проста забрукавалі. Між тым, рэдкія расліны для гэтага сквера ў 1970-я везлі з усяго Савецкага Саюза... Дрэвы былі выкарчаваны, кусты бэзу і ружаў выоублены – зялёны куток у цэнтры горада знішчылі, нягледзячы на пратэсты мясцовых жыхароў.
У 2010 годзе якраз да Дня Перамогі папярэднюю рэканструкцыю плошчы завяршылі. Але праз 14 год яе выгляд зноў перастаў задавальняць мясцовыя ўлады. Аднак знакавай датай, да якой запланавалі завяршыць усе будаўнічыя і рэстаўрацыйныя працы, абралі ўжо не 9 траўня, а пачатак мерапрыемства, на якое чакаюць гасцей з Расіі.
Сяргей Пахомаў
Серада, 08 Май 2024
Да святкаванняў 9 траўня рэканструкцыя плошчы Перамогі ў Віцебску не скончана
Чарговыя «пераўтварэнні» плануюць завяршыць да XI Форума рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які пройдзе 26 і 27 чэрвеня. Тымі самымі днямі будзе адзначацца і 1050-годдзе Віцебска. А мерапрыемствы да Дня Перамогі сёлета пройдуць не на плошчы, якая нават паводле назвы найбольш гэтаму адпавядае, у ў іншых мясцінах горада. Канцэрт і выстаўка вайсковай тэхнікі, якія раней праводзілі на плошчы Перамогі, цяпер пройдуць на плошчы Свабоды, а святочны салют - каля канцэртнай залы "Витебск".
Апублікавана ў
Дзяржава
Тэгі: