Частка з іх тычылася ўшанавання памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у вядомым «расстрэльным месцы» - на Кабыляцкай гары пад Оршай. Тут варта прыгадаць, што ў тым самым 2015г. Петрушэнка супарацоўнічаў з недзяржаўнай газетай «Витебский курьер» і напісаў пра артыкул пра свой ранейшый досвед зносінаў з камітэтам Дзяржбяспекі. І ўжо там выказваўся пра тое, што адкрываць архівы КДБ наконт падзеяў 1930-х гадоў «яшчэ не прыйшоў час, а можа, і ніколі не прыйдзе».
«Прошу провести проверку на предмет законности»
З 2015 па 2022 гады Мікалай Петрушэнка пісаў электронныя заявы ў КДБ 8 разоў. Зваротаў, магчыма, было і болей: у інтэрнэт «злілі» толькі базу электронных паведамленняў.
Былы вайсковец, пенсіянер з пасёлка Коханава Аршанскага раёна, прысіў праверыць «на экстрэмізм» некаторыя паведамленні і пасты ў сацыяльных сетках. «С уважением и пожеланием принципиальности в оценке потенциальной угрозы для государственной безопасности страны», - такімі словамі завяршыў Петрушэнка адзін са сваіх зваротаў.
У 2022г. яго, у прыватнасці, турбавалі факты размяшчэння фотаздымкаў, на якія траплялі эшэлоны з расійскай вайсковай тэхнікай. Таму адстаўны палкоўнік паведамляў адрас інтэрнэт-рэсурса, дзе такія здымкі публікаваліся, а таксама й тое, што ён сам на яго падпісаўся – напэўна, дзеля таго, каб правесці «унутраную выведку». У тым самым лісце ён прапаноўваў супрацоўнікам КДБ разам з іхнымі сем'ямі падпісацца на ягоную старонку на партале dzen.ru.: «если моё сообщение было полезным для Вашей конторы, то поставьте лайк и подпишитесь на мой канал. Можно со смартфона жены или сына».
У 2020г. у КДБ ад Мікалая Петрушэнкі паступіў і асабісты запыт. Ен скардзіўся на аднаго з карыстальнікаў Facebook, які яму нібыта патэлефанаваў праз гэтую сацсетку і распачаў правакацыйную размову. «Обзывает фашистами всех силовиков и восхваляет флаг БЧБ», - такую характарыстыку даў адстаўны палкоўнік свайму суразмоўцу.
Таксама ў 2020г. ён заявіў пра сваю гатоўнасць «пад подпіс і пратакол» даць паказанні адносна відэароліка на Youtube-канале «Наш дом» з удзелам Вольгі Карач. Раней ён вельмі актыўна супрацоўнічаў з гэтай ініцыятывай.
Пра «незаконны помнік» ахвярам сталінскіх рэпрэсій
У 2015 г. Мікалай Петрушэнка запатрабаваў ад кіраўніцтва КДБ «исследования причин и условий, породивших, как мне представляется, незаконное установление памятного знака на месте расстрела жертв политических репрессий на Кобыляцкой горе близ посёлка Андреевщина Оршанского района». Гэта вядомае месца, і ўшанаванне памяці бязвінна расстраляных праводзілася там яшчэ з савецкіх часоў – з 1989г., калі па ўсім Савецкім Саюзе ў час «перабудовы» пачала адкрывацца жахлівая праўда пра «сталінскія» расстрэлы.
Выглядае, што Петрушэнка і сам неаднаразова быў удзельнікам жалобных імпрэзаў, якія праводзяцца на Кабыляцкай гары на Дзяды. Бо ён з упэўненасцю называе прозвішча выступоўцаў і змест іхных прамоў, прысвечаных расстраляным сваякам.
У другім звароце на тую ж тэматыку Петрушэнка спасылаецца на публікацыю незалежнага аршанскага партала. Спасылаючыся на сямейную гісторыю, выкладзеную у артыкуле, Петрушэнка патрабуе ад КДБ «установить, подтверждается ли факт расстрела» і спасылаецца на тагачасныя дакументы гэтага ведамства, выказваючы сумневы адносна праўдзівасці аповеду аршанца пра свайго расстралянага дзеда.
«Сегодня часто слышатся призывы открыть архивы КГБ. Я не поддерживаю эту идею»
«Будучи народным депутатом СССР, я имел возможность встречаться с руководством КГБ СССР по разным поводам и причинам», пісаў Мікалай Петрушэнка ў артыкуле «История КГБ СССР. Записки очевидца», апублікаваным у 2015г у газеце «Витебский курьер». Але самым цікавым з'яўляюцца тут не дзіцячыя і юнацкія ўспаміны цяперашняга пенсіянера, а высновы, зробленыя ім ужо ў сталым узросце.
Яны тычацца і абнародавання фактаў «сталінскіх» расстрэлаў на патрабаванне грамадскасці рассакрэціць архівы і распавесці праўду пра месцы катаванняў і пахаванняў бязвінных савецкіх грамадзян». Петрушэнка гэтага памкнення не падтрымлівае катэгарычна, хаця і патрабуе ў сваіх зваротах разабрацца з канкрэтнымі, названымі вышэй, фактамі. На ягоную думку, «в архивах КГБ, как и другой подобной спецслужбы любой страны, есть немало документов, открыть которые не пришло время. Возможно, оно никогда и не придёт».
Тамсама Мікалай Петрушэнка цытуе кіраўніка КДБ СССР Мікалая Кручкова, які дайней сказаў: «Если мы их (архівы – ВВ) откроем, то откроем всё, что многие из вас направляли нам на своих коллег, загружая порою ненужной и бессмысленной работой…» Чым, у прынцыпе, і займаўся на працягу некалькіх гадоў адстаўны палкоўнік з Коханава.
Ігар Лазоўскі