Панядзелак, 15 Красавік 2024

Небяспечныя дзіцячыя расійскія кнігі знайшлі ў продажы на Віцебшчыне

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Пра гэта паведамілі ў Віцебскай абласной інспекцыі Дзяржстандарта. Размова вядзецца пра кнігі гандлёвай маркі "Умка" (ТАА "СІМБАТ") "50 казак і вершаў" Карнея Чукоўскага і "50 вершаў малым" Агніі Барто. Абедзве былі вырабленыя маскоўскім АТ "Выдавецтва "Вышэйшая школа".

Як паведамілі ў інспекцыі Дзяржстандарта, праверка паказала, што мастацкія выданні для дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту не адпавядаюць патрабаванням тэхрэгламенту Мытнага саюза 007/2011 "Аб бяспецы прадукцыі, прызначанай для дзяцей і падлеткаў".

Прабел паміж словамі ў выдавецкай прадукцыі для дашкольнікаў павінен адпавядаць кеглю шрыфту. У першым выпадку кегель асноўнага шрыфту склаў 5,26 мм, а прабел паміж словамі - 1,80 мм, у другім кегель быў роўны 6,02 мм, у той час як прабел - ад 2,00 да 2,40 мм.

Дзяржстандарт забараніў увоз і абарачэнне гэтых кніг не толькі на тэрыторыі Віцебскай вобласці, але і ўсёй Беларусі. Дзеянне дакумента аб ацэнцы адпаведнасці, якім суправаджаўся тавар, спыненая.

Павел Зоркін