З гэтай нагоды ў Докшыцы завіталі старшыня абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Субоцін, дэпутат так званай Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатоль Сіўко, начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Уладзімір Давыдоўскі.
Уручаючы Абіралу службовае пасведчанне, Аляксандр Субоцін выказаў надзею, што новы кіраўнік Докшыцкага райвыканкама паспяхова справіцца з пастаўленымі задачамі. Разам з тым ён падзякаваў за работу папярэдняму старшыні Алегу Кавалёнку і ўручыў яму грамату аблвыканкама.
А мясцовым жыхарам трэба толькі спадзявацца на тое, каб прозвішча новага кіраўніка раёна не супала з яго дзеяннямі і каб ён сапраўды працаваў на карысць грамадства.
Што вядома пра новага старшыню Докшыцкага райвыканкама?
Сяргей Абірала нарадзіўся ў 1973 годзе ў в. Лабанаўка Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці. У 1994 г. скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, у 2015 г. - Акадэмію кіравання пры Лукашэнку.
З 1994-га працаваў на розных пасадах у сельскай гаспадарцы Докшыцкага раёна, у тым ліку старшынёй калгаса "Советская Белоруссия", дырэктарам КУСП "Гняздзілава-Агра". У 2014-2018 гадах быў першым намеснікам старшыні Докшыцкага райвыканкама, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання. З сярэдзіны 2018 года і да гэтага часу знаходзіўся на пасадзе дырэктара сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства "Мнюта" Глыбоцкага раёна.
Эла Мінкіна