У абмеркаванні прынялі ўдзел начальнік Лепельскага УЭС Анатоль Купрэвіч, пракурор Лепельскага раёна Віталь Жыгімонт і старшы інжынер Лепельскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Венжык. Яны агучылі актуальныя пытанні па лініі РАНС і раённай пракуратуры.
Дзмітрый Венжык расказаў аб статыстыцы пажараў у раёне і вобласці, нагадаў аб неабходнасці быць асцярожнымі пры навядзенні парадку ў прыватных жылых дамоў, на дачах, аб выпальванні сухой расліннасці, пажніўных астаткаў і траў на пні.
Віталь Жыгімонт у чарговы раз нагадаў аб надзённай тэме ў раёне, вобласці ды і краіне ў цэлам - ашуканцах.
Яны вынаходзяць усё больш і больш спосабаў крадзяжу грашовых сродкаў шляхам падману і злоўжывання даверам насельніцтва, часцяком у гэтым вінаватыя і самі пацярпелыя. Самы распаўсюджаны спосаб падману - інтэрнэт-махлярства. Як паказвае практыка, зламыснікі ўмела выкарыстоўваюць усю даступную інфармацыю і тэхналогіі, разбіраюцца ў псіхалогіі людзей, змушаючы ахвяру раскрываць звесткі пра сабе, сваіх блізкіх, дадзеныя банкаўскіх або разліковых рахункаў.
Пасля пракурор даў парады прысутным, як сябе паводзіць у такіх выпадках. Ён параіў людзям, калі ім тэлефануюць і прадстаўляюцца супрацоўнікамі банка, міліцыі ці іншых структур, ператэлефанаваць па афіцыйных нумарах фінансавых арганізацый і так званых праваахоўных органаў, самастойна набіраючы нумар.
Таксама нагадаў пра тое, што нельга нікому паведамляць поўныя рэквізіты банкаўскіх карт, PIN-код, CVC/CVV-коды і аднаразовыя паролі для пацвярджэння аперацый.
“Калі ў дачыненні да вас ці вашых блізкіх здзейснены супрацьпраўныя дзеянні, неадкладна паведаміце аб тым, што здарылася ў міліцыю”, - падсумаваў пракурор Лепельскага раёна.
Раман Сугак