Пятніца, 26 Студзень 2024

Віцебскія ўлады прааналізавалі водгукі пра «Славянскі базар» у сацыяльных сетках. Чаго цяпер чакаць?

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Сёлета анансаваны ўжо ХХХІІІ  Міжнародны  фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Аднак упершыню за ўсе гэтыя гады ( а фестываль праводзіцца штогод) Віцебскі гарвыканкам вырашыў прааналізаваць водгукі гасцей фестывальнага горада, пакінутыя ў сацыяльных сетках. Хто канкрэтна займаўся маніторынгам, застаецца не вядомым. Але, паводле гарадской газеты «Витьбичи», некаторыя заўвагі ўлады абяцаюць выправіць. Праўда, не глабальныя. І не тыя, якія  можна пачуць ад віцяблян, якіх фестывальная паказуха даўно стаміла.

Старшыня гарвыканкаму Генадзь Сабыніч парэкамендаваў банкам назапасіць беларускіх грошай – каб яны заўсёды былі ў банкаматах, а таксама прадумаць варыянты размяшчэння  пунктаў абмену валют у гандлёвых зонах. Госці Віцебска ў фестывальныя дні звяртаюць увагу на недастатковую колькасць прыбіральняў – гэтае пытанне таксама абяцаюць урэгуляваць. Напэўна, за кошт перасоўных кабінак, і толькі на фестывальныя дні. Пра мясцовых жыхароў клопату няма: апошнюю бясплатную прыбіральню ў горадзе нядаўна знеслі.

Не ўпадабалі госці фестывалю і працу грамадскага транспарту ў Віцебску: яго і ў звычайныя дні не дачакацца,  а калі аўтапарк пачынае перавозіць удзельнікаў канцэртаў, то звычайным пасажырам застаецца толькі марыць, каб па маршруце своечасова пайшоў гарадскі аўтобус. Але Генадзь Сабыніч лічыць найбольш важным, «каб транспарт быў частым, а кіроўцы  - акуратна апранутыя». Пра недастатковую колькасць транспартных адзінак старшыня гарвыканкама чамусьці не згадвае.

Наведнікаў наступнага «Славянскага базару» хочуць уразіць вялікай колькасцю новых фотазон, кветкамі на клумбах і падсветкай на цэнтральных вуліцах . А віцяблянам  давядзецца змірыцца з тым, што Плошчы Перамогі, якую і так ператварылі з зоны адпачынку ў голы пляц, давядзецца перажыць яшчэ адну рэканструкцыю. Таксама, не спытаўшы іхнага меркавання, да наступнага фестывалю гарадскія ўлады вырашылі ўсталяваць флагшток ў гістарычнай частцы горада, каб прадэманстраваць якасць патрыятычнага выхавання тутэйшага насельніцтва. Побач з флагштокам плануюць размясціць стэнд з гербам Беларусі і тэкстам гімна, і вельмі складана ўявіць сабе, як гэта будзе глядзецца адзіным ансамблем з царквой Дабравешчання – помнікам архітэктуры ХІІ стагоддзя... Зрэшты, не проста ўявіць сабе і тое, як мерапрыемства, якое заўсёды мела забаўляльны характар, ператворыцца ў ідэалагізаваную імпрэзу: «Славянскі базар у Віцебску» сёлета будзе прысвечаны 80-м угодкам вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў.

Валянцін Пратапопаў