Серада, 10 Студзень 2024

У Маскве прэзентуюць зборнік «Не Z краю», яго ўкладальнік – жыхар Браслава Віталь Шлабовіч

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Паводле ягонага паведамлення ў сацыяльных сетках, прэзентацыя зборніка вершаў, названага «Анталогіяй беларускай патрыятычнай паэзіі», адбудзецца 13 студзеня. Укладальнік называе яго «першым зборнікам беларускіх паэтаў у падтрымку СВО». Колькасць аўтараў – каля 60-ці, але іх імёны Віталь Шлабовіч не называе. Звяртае на сябе ўвагу вокладка зборніка: паводле першапачатковага варыянта, на ёй быў контур Беларусі са здымкам вяскавых хат усярэдзіне, але кніга выйшла з друку зусім у іншым выглядзе – з узброенымі вайскоўцамі на вокладцы.

«Все авторы Антологии объединены одной целью – поддержать наших братьев и соотечественников, российских солдат и офицеров, сражающихся с возрождающимся нацизмом на Украине. Это первый опыт поэтической поддержки России от братского народа», - паведамляе сайт «Союза писателей России» . Адпаведна, беларускага патрыятызму ў гэтай кнізе няма, на што варта было б звярнуць увагу браслаўскім, дый абласным або нават сталічным ідэалагічным работнікам.

Прадмову да зборника напісаў Анатоль Аўруцін, паэт з Мінска, які піша па-расейску. Вершы на расейскай мове складае і браслаўчанін Віталь Шлабовіч, ен аўтар трох паэтычных зборнікаў, сябар «Союза профессиональных литераторов России» и беларускай літаратурнай суполкі «Полоцкая ветвь», стваральнік браслаўскага літаратурнага аб“яднання «Буква Ъ» і арганізатар літаратурнага конкурса «Браславская обитель» . На афіцыйным сайце гэтага конкурса таксама размешчаны красамоўны лозунг, які адлюстроўвае асабістую пазіцыю спадара Шлабовіча: «Беларусь – за Россию и Донбас». У сваёй творчасці браслаўскі паэт таксама падтрымлівае напад на Ўкраіну.

Сяргей Вяракса