Як сцвярджае Ала Хацяновіч, кастрычніцкая рэвалюцыя стала для працоўных усяго свету сімвалам абнаўлення, вызвалення ад прыгнёту і чакання новых надзей на светлую будучыню. І ў гэтым вялікая заслуга, на яе думку, лідара Уладзіміра Леніна.
“Гэта яскравая, супярэчлівая, і, без сумневаў, выбітная гістарычная фігура. Арганізатар і кіраўнік Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года цалкам змяніў жыццё вялізнай імперыі, стварыў першую ў свеце сацыялістычную дзяржаву. Ленін пакінуў пасля сябе тысячы старонак тэарэтычных прац не толькі аб уладкаванні грамадства, эканомікі, палітыкі і непазбежнасці сусветнай рэвалюцыі, але і аб мастацтве, навуцы, сям'і”, - кажа настаўніца гісторыі.
Ала Хацяновіч у сваёй прамове спасылаецца на тое, што быццам сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што ў апошні час цікавасць да Леніна ў сучаснай моладзі толькі расце. Паводле яе, апытанне падлеткаў сведчыць, што адны лічаць гэта модным. Другім цікава самім разабрацца ў такой супярэчлівай асобе. Трэцім патрэбен кумір, якога моладзь не мае ў сучаснасці, а таму і звяртаецца да мінулага.
Толькі вось факты, што гэта за даследаванні і калі яны праводзіліся, настаўніца гісторыі не называе.
Размаўляючы і назіраючы за сучаснай моладдзю ў Беларусі, выдатна бачна, што яны ў сваёй большасці нават не ведаюць, хто такі Ленін і што ён карыснага ці дрэннага зрабіў для нашай краіны. У сучаснай моладзі новыя куміры і тым больш погляды, яны больш цікавяцца еўрапейскай, азіяцкай ці амерыканскай культурай. Гэта і паўднёва-карэйская музыка і танцы, і японскае анімэ, і амерыканская анімацыя і г.д.
А тое, што беларуская прапаганда ў выглядзе пажылых прыслугачоў рэжыму Лукашэнкі на фоне апошніх падзеяў выцягвае з шафы былых “запыленых” куміраў, наўрад ці паўплывае на свядомасць і ясны розум беларускай моладзі.
Але ў адным докшыцкая настаўніца гісторыі Ала Хацяновіч мае рацыю, беларускага куміра сучасная моладзь сапраўды не мае. Можа, гэта і добра, бо, як раіць адна з самых папулярных кніг у свеце - “Біблія”, не ствары сабе куміра.
Надзея Фокіна