Панядзелак, 28 Жнівень 2023

У Гарадоцкага райвыканкама – новы сайт. Практычна без беларускамоўнай версіі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Калі націснуць кнопку «Бел» на галоўнай старонцы, то трапляеш на старыя навіны – самая «свежая» з іх – ад 14.07.2023. Раздзелы «Зямельныя ўчасткі», «Нерухомасць» «Знешнеэканамічная дзейнасць» не адчыняюцца, гэтаксама як «Зямельныя ўчасткі», «Чалавек года Віцебшчыны» і «Грамадскае абмеркаванне». Між тым менавіта ў Гарадку будзе праводзіцца 30-ты Дзень беларускага пісьменства, да якога застаецца менш за тыдзень.

Яшчэ адна дзіўная акалічнасць: у пачатку ліпеня ўлады абвяшчалі грамадскае абмеркаванне назвы парка ў цэнтры Гарадка, дзе стаіць скульптура галоўнага героя паэмы «Тарас на Парнасе». Звесткі пра абмеркаванне дзіўным чынам зніклі – на абноўленым сайце пра гэта нічога няма. Але ўжо вядома, што райвыканкам зацвердзіў назву «Вераніцынскі сквер» - адзін з варыянтаў, прапанаваных менавіта ўладамі, а не простымі жыхарамі. Якія яшчэ былі прапановы, з якімі вынікамі прайшло галасаванне – усё гэта застаецца таямніцай.

Практычна няма на сайце і версіі па-ангельску. Тут усе тыя ж старыя навіны (апошнія – за сакавік гэтага году), а некаторых раздзелаў, якія есць у расейскамоўнай версіі, проста няма. У тым ліку раздзела «Інвестарам», які якраз і мог быць цікавы замежным наведнікам.

Рыгор Смага