Падобна, што адзін з аспектаў выхаваўчай працы – пераконваць дзяцей, а заадно і іхных бацькоў у надзвычайным клопаце пра іх з боку ўладаў. Газета «Полацкі веснік» таксама ўключылася ў гэты працэс, напісаўшы, што Уладзімір Андрэйчанка падараваў выхаванцам садка дзіцячы «скаладром», старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін – інтэрактыўную падлогу ў адным з пакояў, старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч – лагапедычнае абсталяванне. Чытачам гэта падаецца так, нібыта падарункі чыноўнікі зрабілі за ўласныя грошы, а не за бюджэтныя сродкі.
Падчас дыялогавай пляцоўкі вялося і пра перспектыўнае развіцце рэгіена. Размова ішла ў такім ключы, нібыта чыноўнікі ўжо прыватызавалі сабе Полаччыну і распараджаюцца ёй па ўласным жаданні. Старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін заявіў, да прыкладу, што адна з пастаўленых задачаў -- «ажыццявіць мару мясцовых уладаў – перакінуць мост ад Сафійскага сабора на другі бераг Дзвіны». Таксама ён казаў пра неабходнасць «распіярыць» Еўфрасінню Полацкую і больш агрэсіўна паводзіць сябе ў галіне турызму. Скардзіўся ён і на тое, што старажытны горад «незаслужана забыты ў нашай краіне». Выглядае, нібыта чыноўнік не ў курсе, што ў 2013 годзе Полацк быў афіцыйна пазбаўлены статуса самастойнага горада і ператвораны ў шэраговы райцэнтр. Тады, 10 гадоў таму, « з мэтамі эканоміі» быў ліквідаваны Полацкі гарвыканкам, які аб“ядналі з райвыканкамам, адпаведна, і фінансаванне, і іншыя прыкметы «дзяржаўнага клопаты» сталі распаўсюджвацца на Полацк як на Шуміліна, Сянно ці Дуброўна. Між тым, як і цяпер, у 2013 годзе Полацк меў 11 музеяў і свой універсітэт.
Штучна стрымаўшы далейшае развіццё горада, чыноўнікі раптам загаварылі, што яго трэба падтрымліваць. Старшыня аблвыканкама паабяцаў фінансавую падтрымку Полацку – але найперш з тае прычыны, што тут прапануюць правесці чарговы Форум рэгіёнаў Беларусі і Расеі.
І да пытання пра дзяржаўны клопат: будаўніцтва сада №33 вялося амаль два гады, а чакалі яго амаль дзесяць. Бо у новым мікрараёне «Аэрапорт», дзе жывуць шмат маладых сем“яў, першы дзіцячы сад №32 быў адкрыты ў 2014 годзе. Дарэчы, і рэпартаж з адкрыцця тады быў куды больш сціплы ў апісанні падарункаў ад чыноўнікаў: іх уручалі ад імя аблвыканкама, а не ад старшыні асабіста. Дый тагачасны кіраўнік вобласці Аляксандр Косінец не прэтэндаваў на тое, што падорыць выхаванцам новы дыван у залу, а проста «аддаў адпаведнае даручэнне».
Міхась Хмара