У відэароліку працягласцю паўтары хвіліны запісаны галасы 6-ці затрыманых: пяці мужчын і адной жанчыны. Ад мужчын гучаць ужо традыцыйныя прызнанні ў тым, што яны былі падпісаны на так званыя «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы або рабілі з «экстрэмісцкіх» рэсурсаў рэпосты на сваіх старонках у сацсетках. За гэта пяцёра непазнавальных асобаў былі асуджаны паводле артыкула 19.11 КаАП.
А вось віна жанчыны палягае ў тым, што на працоўным месцы яна выкарыстоўвала кубак з выявай «Пагоні» - мабыць, піла з яго гарбату ў прысутнасці калег. Судом гэта была расцэнена як несанкцыянаванае пікетаванне (артыкул 24.23 КаАП).
Відэа змантаванае такім чынам, што анімаваныя персанажы нібыта робяць свае прызнанні на фоне кратаў. Таксама ролік суправаджаецца глумлівым тэкстам пра «разносчыкаў экстрэмісцкай заразы», якія сталі ўдзельнікамі «розыгрышу пуцёвак і незабыўных падарожжаў у ІЧУ».
Цяжка сказаць, якую мэту ставілі перад сабой стваральнікі гэтага відэароліка і ці магчыма такім чынам паспрыяць сілавікам у барацьбе з парушэннямі заканадаўства. Відавочна адно: выкарыстанне анімаваных персанажаў прыніжае чалавечую годнасць затрыманых, якіх асудзілі па адміністрацыйных артыкулах
Жанна Жалейка