На думку Ігара Мартынава, сучасны тэрарызм накіраваны не на знішчэнне пэўных асобаў, а супраць цэлых дзяржаў. Ен прыгадвае пашкоджаны самалёт у Мачулішчах і агучаную афіцыйнымі СМІ інфармацыю пра спробу падрыхтаваць і здзейсніць тэракт у Мінску 9 траўня. Усё гэта планавалася зрабіць для запалохвання людзей, а таксама дзеля ўплыву на кіраўніцтва краіны, мяркуе намеснік старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы: «Мэта тэрарыстаў – выклікаць негатыўную рэакцыю насельніцтва, пытанні пра тое, куды глядзіць улада, чаму не аказвае супрацьдзеяння, і падштурхнуць да заклікаў да яе змены».
Тэракты, здзейсненыя або перадухіленыя ў Беларусі, па меркаванні Ігара Мартынава, ухваляе «пресловутый Запад», маральныя прынцыпы якога супярэчаць «нашым».
Што да фільма «Убойная посылка», то людзі, якіх прыцягваюць да супрацоўніцтва «замежныя тэрарысты», выдатна разумеюць, што робяць, -- так мяркуе Ігар Мартынаў. Пра гэтым за выканаўцамі стаяць «сур“ёзныя арганізацыі», кажа дэпутат, і падкрэслівае, што да тэрарыстычных учынкаў знарок прыцягваюць маладых людзей, якія яшчэ не маюць грунтоўных грамадскіх перакананняў. Ім варта задумацца пра немінучыя наступствы, бо, па словах Мартынава, «беларускія спецслужбы працуюць на папярэджанне, а не «б“юць па хвастах». Таксама ён нагадвае і пра наяўнасць у Беларусі смяротнага пакарання, «не толькі за здзейснены тэракт, але нават за яго падрыхтоўку».
Дэпутат Нацыянальнага сходу заклікае жыхароў Чашніччыны быць пільнымі, у тым ліку «неадкладна паведамляць аб падазроных знаходках». А калі ў жыхароў рэгіёну ёсць падазрэнні, што міжнародныя тэрарысты заманьваюць грамадзяніна Беларусі ў свае злачынныя сеткі або сумленных людзей хочуць выкарыстаць «замежныя спецслужбы ці іншыя асобы», то кожны можа паведаміць пра гэта ў КДБ праз адмысловы чат-бот в Telegram.
Лявон Каляда