Пятніца, 19 Май 2023

Мёршчына не выканала план па замежных турыстах

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Як паведамляе сайт мясцовай раёнкі mijory.by, выкананне на Мёршчыне плана па экспарце турыстычных паслуг у 2022 годзе і задачы на сёлета сталі тэмай пасяджэння міжведамаснага каардынацыйнага савета па пытаннях развіцця турызму пры райвыканкаме. Мясцовыя ўлады знаходзяцца зараз у чаканні замежных турыстаў у сувязі з прыцягненнем бязвізу.

Па словах загадчыка сектара спорту і турызму райвыканкама Ларысы Малецкай, экспарт турыстычных паслуг – асноўны мэтавы паказчык дзяржаўнай праграмы «Беларусь гасцінная» на 2021-2026 гады. Мёрскаму раёну было даведзена заданне ў памеры 94 тысяч даляраў. Справіліся толькі на 86,9 тысяч даляраў.

Асноўныя прадпрыемствы, якія прынеслі прыбытак у гэтай сферы на Мёршчыне, сталі ТАА «Абстэрна» – 36,48 %, раённая аргструктура РДГА «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў» – 33,25 %, дзіцячы санаторый «Расінка» – 20,37 %, Дзісненскі лясгас – 5,75 %, ПГУП «Нікафуд» – 2,99 % і УП ЖКГ – 1,15 %.

А вось мёрскія ўлады не задаволеныя працай ДПУ «Ельня», якое другі год запар не выконвае даведзенае ім заданне. Дырэктар Іван Барок абумоўлівае гэта тым, што немагчыма вылучыць замежных турыстаў у складзе груп.

Таксама скардзяцца на тое, што і дзіцячы санаторый «Расінка», адзін з асноўных пастаўшчыкоў экспарту турыстычных паслуг, даведзенае заданне не выканаў. Установа тлумачыць гэта тым, што была занятая беларускімі адпачывальнікамі. Летась у санаторыі прынялі 5 123 чалавек, з іх толькі 82 іншаземцы.

Паводле Ларысы Малецкай, на Мёршчыне развіты паляўнічы турызм. Летась яны прынялі 891 госця, з іх 119 грамадзян Расеі. Усяго прадалі 69 паляўнічых тураў.

Гасцінічны бізнес на Мёршчыне прадстаўляюць УП ЖКГ і ПГУП «Нікафуд». Летась там гасцявала звыш 2 тысяч чалавек, у тым ліку 161 расіянін.

На 2023 год улады запатрабавалі забяспечыць на Мёршчыне аб’ём экспарту турыстычных паслуг у суме не менш за 91,2 тысячы даляраў. Для гэтага яны збіраюцца папулярызаваць іх у сродках масавай інфармацыі, у сацыяльных сетках і мэсанджарах.

Таксама мёрскія ўлады збіраюцца дзеля развіцця турызму палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу аб’ектаў турыстычнай індустрыі, забяспечыць іх кваліфікаванымі кадрамі, рэалізаваць інвестыцыйны патэнцыял. На гэта выдзелена з раённага бюджэту і за кошт выканаўцаў 15 тысяч рублёў.

У прыватнасці, бліжэйшым часам яны збіраюцца абуладкаваць аглядавую пляцоўку на набярэжнай у Мёрах, пляжныя зоны на паўвостраве і ў вёсцы Пераброддзе і адчыніць аб’екты грамадскага харчавання.

А да 1 верасня мёрскія ўлады абяцаюць пабудаваць веладарожкі і паркоўкі, наладзіць веламаршруты, маркіроўку і ўстаноўка знакаў і карт-схем, адкрыць пункты пракату і сэрвісу.  Яны лічаць, што варта арганізаваць перавозкі водным транспартам і яго пракат, забяспечыць адпаведную інфраструктуру: прычалы, месцы абслугоўвання тэхнічных сродкаў ды іншае. А таксама асаблівую ўвагу надаць стварэнню «зялёных» маршрутаў і экалагічных сцежак на тэрыторыі прыродаахоўных устаноў. Трэба ўладкаваць пляцоўкі для кемпераў і караванераў, месцы адпачынку ў маляўнічых мясцінах. Будуць развіваць вытворчы турызм і ў ТАА «Металапракатная кампанія».

Вось толькі адно яны не ўлічваюць, ці паедзе хто ў Беларусь з тых замежнікаў, якія сочаць за навінамі і ў курсе таго, што адбываецца ў краіне. Хіба толькі расіяне, бо ідзём з імі ў адным кірунку.

Можа, трэба ўсё ж у першую чаргу забяспечваць не адпаведную інфраструктуру, а спрыяльную грамадска-палітычную абстаноўку ў краіне.

Вінцук Жукоўскі