Серада, 03 Май 2023

Мёрскія ўлады заклікаюць выпускнікоў паступаць на сельскагаспадарчыя прафесіі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Упраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, прадпрыемствы і ўстановы аграпрамысловага комплексу Мёршчыны прапануюць выпускнікам заключыць дамовы аб мэтавай падрыхтоўцы спецыялістаў сельскагаспадарчых прафесій. Сёлета прыём дакументаў на такіх умовах у адпаведныя ВНУ пройдзе з 1 па 5 чэрвеня, экзамен – з 6 па 13 чэрвеня. Залічэнне адбудзецца па 16 чэрвеня. Бо, паводле мясцовых уладаў, Мёрскі раён мае  патрэбу ў такіх спецыялістах.

Пералік сельгасспецыяльнасцяў наступны: вытворчасць прадукцыі расліннага паходжання (аграном) і жывёльнага (заатэхнік); ветэрынарная медыцына; тэхнічнае забеспячэнне вытворчасці сельгаспрадукцыі; тэхнічны сэрвіс у АПК; тэхнічнае забеспячэнне захоўвання і перапрацоўкі сельгаспрадукцыі; аграбізнес (эканаміст); энергетычнае забеспячэнне сельскай гаспадаркі; ахова працы на вытворчасці.

Атрымаць гэтыя спецыяльнасці, паводле ўладаў, можна ў аграрных навучальных установах. У прыватнасці, вышэйшую адукацыю – у Віцебскай дзяржакадэміі ветэрынарнай медыцыны; Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі ў Горках; Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце ў Мінску. Сярэднюю спецыяльную адукацыю – у аграрным каледжы ветэрынарнай медыцыны ў Лужасне ды іншых.

Мёрскія ўлады паведамляюць, што ў раёне патрэбныя спецыялісты сельгаспрадпрыемствам, ветэрынарнай станцыі, мясакамбінату, камбікормаваму заводу і Мёрскаму ПМС.

Улады заманьваюць выпускнікоў школ тым, што пасля заключэння такой дамовы штомесяц студэнты гэтых вышэйшых навучальных устаноў будуць атрымліваць даплату да стыпендыі ад пяці базавых велічынь, сярэдніх – ад трох. Гэта 185 і 111 рублёў адпаведна. Да таго ж такім студэнтам прадастаўляецца магчымасць праходзіць ваенную службу ў рэзерве. А мэтавая дамова – гарантаванае месца практыкі. Быццам яго складана будзе знайсці у якім-небудзь  сельгаспрадпрыемстве, дзе не жадае затрымлівацца моладзь.

Яны звяртаюць увагу яшчэ на тое, што акрамя таго, у Віцебскай вобласці прадугледжана даплата зоаветспецыялістам у памеры 1 тысячы рублёў штомесяц. Як сцяврджаюць мёрскія ўлады, гэта прапісана ў рашэнні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў ад 4 лютага 2021 года № 197.

Відаць, Віцебская вобласць мае шмат сродкаў, каб плаціць такія грошы, а мо вельмі мае патрэбу ў гэтых спецыялістах, раз гатовая штомесяц выдаткоўваць на маладых зоаветспецыялістаў такія немалыя фінансавыя сродкі.

Інга Сташэўская