Панядзелак, 27 Красавік 2015

Былы пракурор Шумілінскага раёну пазбаўлены дзяржаўнай узнагароды

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Указам прэзыдэнта № 171 ад 22 красавіка асуджаны за ўчыненьне асабліва цяжкага наўмыснага злачынства Яўген Гуляеў пазбаўлены мэдаля “За бездакорную службу” III ступені. Тэкст дакумэнту разьмешчаны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

 

Яўген Гуляеў — былы пракурор Шумілінскага раёну.

Як паведамлялася раней, 13 лютага гэтага году Віцебскім абласным судом быў вынесены прыгавор былым пракурору Шумілінскага раёну і яго намесьніку, абвінавачаным ва ўчыненьні злачынства, прадугледжанага часткай 3 артыкулу 430 КК. Справа слухалася ў закрытым судовым пасяджэньні.

Былыя пракурорскія работнікі прызнаныя вінаватымі ў прыняцьці службовай асобай, якая займае адказнае становішча, для сябе матэрыяльных каштоўнасьцяў, што даюцца выключна ў сувязі зь іх службовым становішчам, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, якія ўваходзяць у яе кампэтэнцыю, за выкананьне ў інтарэсах хабарадавальніка нейкага дзеяньня, якое гэтая асоба магла ажыцьцявіць з выкарыстаньнем сваіх службовых паўнамоцтваў (атрыманьне хабару), учыненым групай асоб па папярэдняй змове, у буйным памеры.

На падставе часткі 3 артыкулу 430 КК судом былому пракурору Шумілінскага раёна прызначанае пакараньне ў выглядзе васьмі гадоў пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, пазбаўленьнем права займаць пасады, зьвязаныя з праходжаньнем службы ў праваахоўных органах і судох, на пяць гадоў.

Крыніца: БелаПАН