Верагодна, праз адсутнасць профільнай адукацыі выказванні доктаркі эканамічных навук пра арыенціры сучаснай моладзі выглядаюць зусім не пераканаўча. Недахоп ведаў ў галіне педагогікі і псіхалогіі Валянціна Багатырова адчайна кампенсуе ідэалагічнымі пасажамі, знаёмымі яшчэ з часоў «халоднай вайны» сярэдзіны мінулага стагоддзя. І ад гэтага старання некаторыя тэзы выглядаюць Валянціны Багатыровай выглядаюць нават смешнымі.
«Варожы Захад» уплывае з дапамогай дзіцячай моды
Рэктарка ВДУ спрабуе давесці чытачам, што сістэма прасоўвання заганных «каштоўнасцяў глабальнага свету» базуецца на вытворчасці цацак, дзіцячага адзення і нават ласункаў, «упакаваных асаблівым чынам». Шкада, Валянціна Багатырова не патлумачыла, што мае на ўвазе. Доктарка эканамічных навук асуджае наяўнасць у крамах замежных цацак – «лялек-монстраў» і робатаў. А заадно мультфільмы «з героямі незразумелага паходжання», коміксы з «жахлівымі карцінкамі». Усе гэта яна лічыць «працай профі чорнай справы».
У адзін шэраг з замежнымі цацкамі і мульфільмамі Багатырова залічвае і «прапаганду ЛГБТ» як складніка «культуры Еўропы». Тут Валянціна Багатырова нават спрабуе палемізаваць з Аляксандрам Лукашэнкам: ён нядаўна зазначыў, што знаёмыя яму «геі на высокіх пасадах – гэта залатыя людзі», але рэктарка ВДУ абураная тым, што «у многіх сучасных топ-менеджараў дзяржаўнага ўзроўню» няма дзяцей. Таксама яна сцвярджае, што ў еўрапейскіх краінах хочуць узаконіць педафілію і заафілію, – вядома, без спасылак на крыніцы, з якіх пра гэта можна даведацца.
Барацьба за правы і свабоды чалавека вядзецца дзеля «знішчэння славянскага свету»
Некаторыя выказванні Валянціны Багатыровай прэтэндуюць на глыбокія філасофскія развагі, але над іх сэнсам задумвацца безвынікова. Яны настолькі дэкларатыўныя і беспадстаўныя, што вартыя хіба што цытавання – каб лішні раз здзівіць чытачоў узроўнем мыслення рэктаркі ўніверсітэту.
«Нягледзячы на тое, што царква перажывала розныя часы, яна ўсе адно заставалася ў сэрцах людзей. Па-іншаму і быць не магло, бо такі ў нас генетычны код. Супраць яго заўсёды вялася барацьба», – разважае Валянціна Багатырова.
«Трэба памятаць і разумець, што ў 1945-47 гадах была створана ідэя падпарадкавання і нават знішчэння славянскага свету коштам распаўсюду сістэмы барацьбы за правы і свабоды чалавека», – цвердзіць рэктарка. І дзеліцца яшчэ больш дзіўнымі тэорыямі: «На мяжы ХІХ -ХХ стагоддзяў аформілася сістэма вайскова-патрыятычнага выхавання моладзі. Ужо тады былі закладзены асновы і прынцыпы ў галіне моладзевай палітыкі». Распавядае рэктарка і пра ўласны ўнёсак у выхаванне моладзі: маўляў, на наступны дзень пасля яе прызначэння на пасаду кіраўніцы ВДУ імя Машэрава, была створана школа лідараў «Машэраўцы». Заняткі ва ўдзельнікаў гэтай суполкі, паводдле спадарыні Багатыровай, досыць спецыфічныя: «Мы зносімся, разам глядзім фільмы і казкі, выязджаем на турслёты, дзе спяваем нашы песні. Вельмі часта наведваем хакей, дзе гуляе Аляксандр Лукашэнка».
Стымул для моладзі – гэта калі «з табой па-асабліваму вітаюцца ў калідоры»
На думку Валянціны Багатыровай, з падлеткамі і маладымі людзьмі трэба часцей нефармальна размаўляць. І калі іншыя студэнты заўважаць, што кагосьці «узнагароджваюць за дасягненні, паціскаюць руку, па-асабліваму вітаюцца ў калідоры», то ім абавязкова захочацца таксама стаць такімі ж. Рэктарка кажа, што ў 2020 годзе маладыя людзі «трапілі пад дзеянне дэструктыўных ідэй», якія распаўсюджваліся ў сацыяльных сетках. На яе думку, гэта сур’ёзная пагроза, якая йдзе з Інтэрнэту, бо з’яўляецца магчымасць «выкарыстання «апрацаванай» моладзі для здзяйснення безматыўных тэрарыстычных актаў». Таму спадарыня Багатырова лічыць, што трэба «працягнуць руку дапамогі тым маладым людзям, якія заблыталіся ў сусветнай павуціне». І што найлепшай дапамогай з’яўляюцца дзяржаўныя абмежаванні, што да дзеянняў у лічбавай прасторы. Напрыканцы рэктарка цытуе Канстытуцыю: маўляў, асноўны закон гарантуе моладзі магчымасці для ўсебаковага развіцця. І завяршае свае развагі зацёртым штампам з савецкіх газет пра тое, што «наша моладзь – гэта наша будучыня».
Таццяна Віктарава