Чацвер, 02 Люты 2023

Тэхніка не ачышчаная ад бруду, а каровы могуць захварэць з-за адсутнасці посцілкі ды дрэннага корму

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Кантралёры ад дзяржавы па Віцебскай вобласці, у снежні 2022 года выявілі парушэнні пры пастаноўцы тэхнікі на захоўванне ў гаспадарках Мёрскага, Лепельскага, Сенненскага, Чашніцкага і Шумілінскага раёнаў.

У ліку тыповых парушэнняў: не ачышчаны ад раслінных рэшткаў і глебы рабочыя часткі машын і агрэгатаў, не памытыя і не загерметызаваныя (нанясенне ахоўнай змазкі); адсутнічае абарона гнуткіх шлангаў гідрасістэм ад нізкіх тэмператур і ўздзеяння сонечнага святла; не выкананы дэмантаж складанай электронікі; машыны і агрэгаты не ўстаноўлены на падстаўкі ці падкладкі, не праведзены работы па разгрузцы шын і нанясенні на іх ахоўных саставаў ды інш. З гэтага вынікае, што сапраўды зараз вялікія праблемы з тэхнікай у сяльгасгаспадарках. У многіх гаспадарках, як паведамляюць спецыялісты з розных раёнаў, у сувязі з санкцыямі недахопам грошай узнікаюць таксама і праблемы з заменай дэталяў у тэхніцы: ці іх няма, ці даводзіцца доўга чакаць.

Акрамя гэтага, ва ўсіх абследаваных сельскагаспадарчых арганізацыях Полацкага, Расонскага, Верхнядзвінскага, Ушацкага, Міёрскага і Глыбоцкага раёна (71 арганізацыя) устаноўлены парушэнні арганізацыйна-тэхналагічных і санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў пры вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі.

Найбольш важкай праблемай Дзяржкантроль адзначае  адсутнасць сухога мяккага пакрыцця (подсцілкі) у дойнага статка буйной рагатай жывёлы, што можа прывесці да шматлікіх хвароб жывёл, а таксама неналежныя ўмовы захоўвання травяных кармоў.

Як зазначаюць у Дзяржкантролі, яны прынялі ўсе меры па выпраўленні парушэнняў, службовыя асобы прыцягнуты да адказнасці, звернутая ўвага кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў на неабходнасць падпарадкавання ўстаноўленаму парадку пастаноўкі тэхнікі на захоўванне. Але гэта наўрад ці паўплывае нейкім чынам на сумны стан справаў у некаторых гаспадарках Віцебшчыны.

Інга Сташэўская