Аўторак, 27 Красавік 2021

План па інвестыцыях правалены – улады шукаюць рэзервы

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)

На нядаўнім пасяджэнні Віцебскага выканаўчага камітэту ўлады прызналі, што ў першым квартале бягучага году, у параўнанні з тым жа перыядам 2020 году, па інвестыцыях у асноўны капітал вобласць істотна адстае. Ад пачатку году гэты паказнік абваліўся на 11% ад паказніку мінулага году. З 200 заяўленых райвыканкамамі інвестыцыйных праектаў у 2021 пачалі ажыццяўляцца толькі восем, што складае 4%.

Колькасць і якасць інвестпраектаў – гэта важныя паказнікі, якія вызначаюць будучыню рэгіянальнай эканомікі. Ад іх залежыць прырост працоўных месцаў, напаўняльнасць бюджэту і заваёва новых рынкаў збыту прадукцыі.

Каб разабрацца, што адбываецца ў гэтым сектары, неабходна зазірнуць у спісы інвестыцыйных праектаў, якія прапануюць віцебскія ўлады для рэалізацыі.

Асноўная ўвага і высілкі ўладаў сканцэнтраваныя на інвестыцыі ў сельскую гаспадарку. Гэта будаўніцтва і мадэрнізацыя малочных ферм і птушкафабрык, вытворчасць кармоў і ўгнаенняў, перапрацоўка сельгаспрадукцыі.

Ёсць і адзін мегапраект – будаўніцтва на тэрыторыі Чашніцкага, Сенненскага і Талачынскага раёнаў некалькіх сучасных малочнатаварных ферм, а таксама малакаперапрацоўчага заводу. Для рэалізацыі гэтага праекту неабходна знайсці інвестара, гатовага ўкласці ў яго 400 млн. долараў.

Улады таксама гатовыя прадаць інвестарам 30 сельскагаспадарчых арганізацый. Гэтыя прадпрыемствы знаходзяцца ў 15 раёнах вобласці. Рэкардсменам па колькасці прадаваных аграпрадпрыемстваў – Чашніцкі раён (чатыры прадпрыемствы), у Шумілінскім – пяць.

Улады таксама прапануюць інвестарам укласціся ў дрэваапрацоўку, турызм, вытворчасць паліўных гранул і ў перапрацоўку лёну.

Здзівіў інвестпланамі Віцебскі гарвыканкам. Там увогуле няма будаўніцтва прамысловых аб'ектаў у межах абласнога цэнтру. Таму можна зрабіць сумную выснову: Віцебск і ў далейшым будзе імкліва губляць свой індустрыяльны патэнцыял.

Паводле інвестыцыйнага плану, у Віцебску плануецца пабудаваць толькі два шматфункцыянальныя цэнтры, Палац спорту (Аквапарк) і адміністрацыйна-офісны будынак з выставачнымі павільёнамі.

У сувязі з пабудовай Беларускай атамнай станцыі будаўніцтва Бешанковіцкай ГЭС на Дзвіне, як і будаўніцтва гідраэлектрастанцыі на рацэ Обаль у Шумілінскім раёне і ветрапарку ў Лёзненскім, наўрад ці можна назваць разумным укладаннем грошай.

З усіх меркаваных інвестпраектаў гучыць па-сучаснаму толькі праект па вытворчасці сістэм па выбарчай апрацоўцы пасеваў збожжавых культур гербіцыдамі для сельскагаспадарчых апырсквальнікаў на аснове штучнага інтэлекту.

Ёсць у планах уладаў і экзатычныя праекты, якія ў прынцыпе не здольныя генераваць дададзеную вартасць. Гэта праект «энергаэфектыўная школа», які распрацаваны СШ № 16 Воршы (коштам 100 тысяч долараў ЗША), будаўніцтва спартыўнага клубу ў Несцяроўшчыне (Докшыцкі раён) за 1 млн. долараў, стварэнне спартыўна-тэхнічнага комплексу па спартыўным выхаванні дзяцей і моладзі, забеспячэнні бяспекі дарожнага руху (кошт - 5-7 млн. еўра).

Наўрад ці знойдзецца інвестар, каб дапамагчы рэалізаваць праект па рэканструкцыі лазнева-пральнага камбіната пад лазню ў Шаркаўшчыне (10 млн. долараў).

Выклікае сумнеў, што ў 2021 годзе атрымаецца выканаць запланаваныя інвестыцыйныя мерапрыемствы, тым больш нарасціць колькасць інвестыцый у Віцебскі рэгіён. Гэта звязана перш за ўсё з тым, што будзе працягваецца цяжкі сацыяльна-палітычны крызіс, які ўзнік пасля прэзідэнцкіх выбараў, і ўвядзеннем заходнімі ўрадамі эканамічных санкцый да нашай дзяржавы за фальсіфікацыю вынікаў галасавання.

Міхась Пісараў