Панядзелак, 22 Ліпень 2019

Гарвыканкам: гандляваць алькаголем на разьліў у парку каля Віцьбы – можна

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)

Віцебскі гарвыканкам даслаў афіцыйны адказ на пэтыцыю з просьбай забараніць продаж алькагольных напояў у зоне адпачынку на набярэжнай Віцьбы. Улады пішуць, што гандляваць алькаголем на разьліў у аб’ектах грамадзкага харчаваньня ў парку на набярэжнай Віцьбы можна, бо гэта не супярэчыць дзейнаму заканадаўству.

Калектыўны зварот з патрабаваньнем забараніць продаж гарэлкі ды піва ў зоне адпачынку на набярэжнай ракі Віцьбы падпісалі больш за 400 чалавек. Гэты парк – улюбёнае месца сямейнага і актыўнага адпачынку для віцяблян, там заўсёды шмат дзяцей. “Адпачынак не павінен асацыявацца для іх з ужываньнем алькаголю”, – пісалі аўтары пэтыцыі.

На пэтыцыю адказаў першы намесьнік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Валянцін Цьвяткоў.

Чыноўнік пералічвае пункты законаў, якія рэгулююць выраб і абарот алькагольнай прадукцыі ў Беларусі і прыходзіць да наступнай высновы:

“Улічваючы вышэйпазначанае, гандаль алькагольнымі напоямі на разьліў у аб’ектах грамадзкага харчаваньня, разьмешчаных на тэрыторыі набярэжнай ракі Віцьба ў горадзе Віцебску, не супярэчыць дзейнаму заканадаўству Рэспублікі Беларусь”.

Нагадаем, 6 ліпеня гарадзкія ўлады арганізавалі сустрэчу з грамадзкасьцю, каб абмеркаваць пытаньне продажу сьпіртовых напояў у парку на беразе Віцьбы. Але да нейкай згоды ўдзельнікі сустрэчы тады не прыйшлі. Кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску Сяргей Сташэўскі заявіў на сустрэчы, што разумее  абодва бакі канфлікту, але пры гэтым сам ня супраць выпіць халоднага піва падчас прагулянкі зь дзецьмі…

Адказ на пэтыцыю зь Віцебскага гарвыканкаму можна абскардзіць у аблвыканкаме.

Зьміцер Міраш