Чацвер, 20 Верасень 2018

У Воршы да канца году ўведзенае ваеннае становішча?

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
АМАП у Віцебску АМАП у Віцебску Архіўнае фота: https://vitebskspring.org

Празь некаторы час пасьля таго як Лукашэнка абвясьціў, што Ворша будзе на «ваенным становішчы», у горадзе зьявіліся людзі ў камуфляжы. Мясцовы сайт orsha.eu са спасылкай на «надзейныя крыніцы» паведамляе, што АМАП будзе патруляваць гарадзкія вуліцы прынамсі да канца 2018 году.

Па двое-трое «камуфляжных людзей» сталі хадзіць разам з патрульнымі міліцыянтамі. Як высьветлілася, гэта менскі АМАП, які прыехаў у Воршу для так званай «адпрацоўкі гораду». Гэта звычайная зьява для беларускіх гарадоў, калі дзеля ўзмацненьня мясцовай міліцыі прыяжджаюць дадатковыя сілы. Але звычайна гэткае ўзмацненьне прыяжджае ў гарады ня больш як на тыдзень. У Воршы ж «камуфляжныя» затрымаліся.

Афіцыйных паведамленьняў пра «адпрацоўку гораду» не зьяўлялася, таму і не зразумела, колькі ж гэтая адпрацоўка працягнецца. Паводле інфармацыі журналістаў, што паступіла з надзейных крыніцаў, АМАПаўцы будуць патруляваць горад да канца году. Разам зь імі горад будуць адпрацоўваць спэцыяльныя службы кшталту «Стралы».

Здавалася б, узмацненьне мясцовай міліцыі мусіла б прынесьці карысьць жыхарам гораду: больш міліцыі – больш бясьпечна. Але насамрэч прыезд «камуфляжных» выклікае немалое раздражненьне сярод месьцічаў. На згаданы сайт прыходзілі паведамленьні пра неабгрунтаваныя, як здаецца людзям, затрыманьні. Найперш гэта тычыцца тых, хто ўжываў быў алькаголь у горадзе, а потым спрабаваў даехаць дадому. Людзей пасьля кафэ і гасьцяваньняў затрымлівалі на прыпынках і нават ля саміх кафэ.

Адзіная «карысьць» ад усяго гэтага ў тым, што больш затрыманых – больш штрафаў і павелічэньне даходнай часткі бюджэту раёну.