Аўторак, 30 Студзень 2018

Улады мяркуюць у 2018 годзе спагнаць з грамадзянаў 1,8 млн. рублёў штрафаў у гарадзкі бюджэт

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Фота: susanin.news Фота: susanin.news

Згодна з апублікаваным 30 студзеня рашэньнем Віцебскага гарсавету “Аб бюджэце горада Віцебска на 2018 год”, улады плянуюць папоўніць сёлета гарадзкі бюджэт за кошт штрафаў на суму 1 млн. 829 тысяч рублёў. Гэта больш за 920 тыс. даляраў.

Адзначым, што летась (у 2017 годзе) у гарадзкі бюджэт была закладзеная сума штрафаў, удвая большая, чым сёлета (3 млн. 767 тыс. рублёў). Ці зьвязаны больш лёгкі “прагноз на штрафы” з прыняцьцем у мінулым годзе Дэкрэту №7 (“Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва”) альбо з адменай “дармаедзкага” Дэкрэту №3, невядома.

З дэфіцытам 21 млн. рублёў

У адрозьненьні ад 2017 года гарадзкі бюджэт на 2018-ы зьвярстаны з меркаваным дэфіцытам бюджэту на суму 21 млн. рублёў. Плянаваны прыбытак складае  249,6 млн. рублёў. Выдаткі – 270,6 млн. рублёў.

Асноўнай крыніцай прыбытку будуць падатковыя даходы, якія складуць 90% (199,6 млн. рублёў) ад агульнай сумы бюджэту. У тым ліку падаходныя падаткі з фізычных асобаў (78,2 млн. рублёў), падаткі на тавары і паслугі (61,4 млн. рублёў), падаткі на ўласнасьць (35,6 млн. рублёў) ды іншыя.

Агульная сума падаткаў, якую зьбіраюцца сабраць з грамадзян, на 7 млн. рублёў большая, чым у мінулым годзе.

У 2 разы больш на абарону і ў 2 разы менш на сельскую гаспадарку

Што тычыцца разьмеркаваньня бюджэтных грошаў, то ў параўнаньні з 2017 годам удвая больш сродкаў пойдзе, напрыклад, на нацыянальную абарону (“Забесьпячэньне мабілізацыйнай падрыхтоўкі і мабілізацыі”) – 40 тыс. рублёў (супроць 21 тыс. летась). Падвысяцца таксама расходы на ахову здароўя (плюс 17 млн. рублёй у параўнаньні з мінулым годам).

На 3 млн. рублёў больш выдаткуюць і на адукацыю.

Затое ў два разы зьменьшацца расходы на сельскую гаспадарку і рыбагаспадарчую дзейнасьць, на 2 млн. рублёў менш атрымае транспартная галіна і аж на 10 млн. зьнізяцца выдаткі на  сфэру жыльлёва-камунальных паслугаў і будаўніцтва.

Азнаёміцца з рашэньнем Віцебскага гарадзкога савету дэпутатаў, якое было зацьверджанае яшчэ 27 сьнежня 2017 года, можна на партале pravo.by.

Зьміцер Міраш