Аўтар гэтых радкоў – сірата, зь дзяцінства знаёмая з тым, што значыць жыць у сьценах казённых установаў. Ад нараджэньня апынулася ў доме дзіцяці ў Глыбокім, потым пражывала ў Наваполацкім дзяржаўным дзіцячым доме. Пасьля была Пастаўская школа-інтэрнат для дзяцей-сірот, далей – ПТВ у Віцебску, дзе навучалася, знаходзячыся на поўным дзяржаўным забесьпячэньні.
Пачатак працоўнай дзейнасьці Веры Куталавай па часе супаў з распадам Савецкага Саюзу. У 1991 годзе яна ўладкавалася на Віцебскую абутковую фабрыку «Чырвоны Кастрычнік», пасялілі яе ў інтэрнаце прадпрыемства. Празь некаторы час рашэньнем супольнага паседжаньня прафкаму і адміністрацыі фабрыкі была прынятая на ўлік на паляпшэньне жыльлёвых умоў і, як сірата, унесеная ў сьпісы на пазачарговае атрыманьне жытла.
Мінула дзесяць гадоў – жытла Вера Куталава так і не атрымала. У 2001 годзе яна была пераведзеная на працу ў «Белвэст». Тут – таксама рашэньне адміністрацыі і прафсаюзнага камітэту аб прыняцьці яе на ўлік і пастаноўцы ў ільготную чаргу на атрыманьне жытла.
А яшчэ праз 5 гадоў, у 2006-м, прафкам СТАА «Белвэст» абвясьціў, што ў сувязі са спыненьнем будаўніцтва жытла ёй неабходна перанесьці чаргу для атрыманьня жытла ў Віцебскі гарадзкі выканаўчы камітэт.
І спадарыня Вера зьвярнулася ў гарвыканкам... Чыноўнікі гэтай дзяржаўнай інстанцыі паведамілі ёй, што на момант яе звароту для пастаноўкі на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоў ёй было ўжо больш як 23 гады – таму, маўляў, статусу асобы зь ліку дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, яна ня мае, і падставаў уключаць яе ў ільготныя сьпісы няма.
У сувязі з тым, што больш як 10 гадоў яна пражывае ў інтэрнаце, гарвыканкам паставіў жанчыну на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоў і прапанаваў палепшыць жыльлёвыя ўмовы праз будаўніцтва жытла з выкарыстаньнем ільготнага крэдыту. «Такая прапанова аказалася для мяне непрымальнай, – распавяла Вера Куталава. – Для будаўніцтва жытла з выкарыстаньнем ільготнага крэдыту неабходна было ўнесьці немаленькі першы ўнёсак, на які ў мяне не было сродкаў, а дапамагчы мне няма каму».
«Такім чынам, ад нараджэньня зьяўлялася сіратою, мела права на атрыманьне жылога памяшканьня сацыяльнага карыстаньня па месцы даваньня мне першага працоўнага месца, стаяла на ўліку на паляпшэньне жыльлёвых умоў з 20-гадовага ўзросту і была ўнесеная ў сьпісы на пазачарговае атрыманьне жытла як сірата, аднак аж дагэтуль вымушаная перабівацца часовым жытлом», – апісвае Вера Куталава сытуацыю, у якой апынулася.
Як да апошняй надзеі зьвярнулася яна да дэпутата парлямэнту. Меркавала, што ён – абраннік народны, дапаможа: «Воляю лёсу была абдзеленая цяплом бацькоўскага ачага, а цяпер і дзяржава ў абліччы выканаўчай улады павярнулася да мяне сьпінай. Спадзяюся, што Вы, як мой прадстаўнік у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, не пачняце займацца паператворчасьцю, а павернецеся да мяне тварам і адновіце маё права на атрыманьне жытла сацыяльнага карыстаньня».
Нельга сказаць, што дэпутат Сяргей Бохан у адказ не зрабіў зусім нічога. На ліст ён адрэагаваў. Атрымаўшы яго, ён пераслаў яго «куды трэба». Але наўрад ці гэта можна назваць дапамогаю. Спадзяваньні спадарыні Веры на дэпутата аказаліся марнымі: «Адказ-адпіска паступіў з упраўленьня жыльлёвай палітыкі Віцебскага гарадзкога выканаўчага камітэту. Гэтае пасланьне абвінаваціла мяне ва ўсіх грахох: своечасова не зьвярнулася ў гарвыканкам з заявай аб прыняцьці на ўлік маючых патрэбу ў жытле, як тое вызначанае законам».
Выпадак Веры Куталавай – не адзінкавы. Як паказвае практыка, простаму чалавеку ў нашай «сацыяльна арыентаванай» дзяржаве спадзявацца на дзяржаву не прыпадае. Калі б у краіне былі сапраўдныя выбары, мабыць, маглі б нечым дапамагчы чалавеку дэпутаты – і праз асабістае ўмяшаньне ў тую ці іншую сытуацыю, і празь ініцыяваныя імі зьмены ў недасканалыя законы.
Аднак калі дэпутаты ўсіх узроўняў фактычна прызначаюцца ўладнай вэртыкальлю, а не выбіраюцца народам, іх роля ў вырашэньні праблем людзей зьведзеная да мінімуму. Такія «абраньнікі народу» дбаюць не пра тое, каб служыць людзям, а пра тое, каб, найперш, падабацца тым, хто іх прызначыў, і, такім чынам, забясьпечваць свой уласны дабрабыт. І людзі пакрыху пачынаюць разумець, што дэпутаты служаць ня ім. «Добра дэпутатам: яны маюць жытло і ў выбарчай акрузе, і ў сталіцы, няхай і службовае!» – кажа Вера Куталава.
Кастусь Дзьвінскі, Віцебская вясна