Нядзеля, 25 Чэрвень 2017

На Аршанскай санстанцыі дзяржкантроль выявіў прыпіскі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Жыхары Аршанскага раёну пераплацілі 193 500 рублёў за работы па сыстэматычнай дэратызацыі, дэзінфэкцыі і дэзінсэкцыі, якія насамрэч не праводзіліся.

Аршанскі міжраённы камітэт дзяржкантролю выявіў, што з 2014 па 2016 гады адзін з кіраўнікоў санстанцыі загадаў сваім работнікам завышаць ў актах здачы-прыёмкі работ плошчы аб'ектаў, на якіх праводзіліся дэратызацыя, дэзінсэкцыя i дэзінфэкцыя.

Гэтыя работы праводзіліся па дамовах, заключаных зь мясцовым камунальным прадпрыемствам, якія абслугоўваюць жыльлёвы фонд раёну. Такія дзеяньні былі зробленыя кіраўніком для павелічэньня памеру фонду прэміяваньня і далейшай выплаты прэміяў. Таксама ён імкнуўся падхарашыць сапраўднае становішча фінансава-гаспадарчай дзейнасьці ва ўзначаленым аддзяленьні ўстановы.

З прычыны неабгрунтаванага завышэньня памераў плошчаў, а таксама колькасьці і кошту расходных матэрыялаў, памер прад'яўленых да аплаты камунальнаму прадпрыемству аказаных паслуг быў завышаны на 193 500 рублёў. У сваю чаргу камунальнае прадпрыемства прад'явіла гэтыя сумы да аплаты жыхарам Аршанскага раёну за завышаныя і ня аказаныя аб'ёмы паслугаў.

У дачыненьні да кіраўніка структурнага падразьдзяленьня санстанцыі распачатая і расьсьледуецца крымінальная справа паводле часткі 3 артыкулу 424 КК, паведамляе прэс-служба КДК.

Сяржук Серабро, vitebsk.cc