Серада, 25 Снежань 2013

Віцебскіх настаўнікаў прымусілі ўдзельнічаць у парадзе Дзядоў Марозаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У рэдакцыю Onliner.by прыйшоў ліст ад настаўніка віцебскай гімназіі. Выкладчык у зьдзіўленьні, чаму яго абавязваюць ўдзельнічаць у гарадзкім парадзе Дзядоў Марозаў, і пры гэтым трэба быць абавязкова ў касьцюме, а дзе яго ўзяць - незразумела. У лісьце напісана наступнае: «Парад - гэта крута, але да яго, як у нас заведзена, далучаюць кучу людзей, якія ня маюць і ня жадаюць мець да яго дачыненьня».

«Так і выкладчыкаў гімназіі абавязваюць туды схадзіць, - паведаміў настаўнік. - Быць трэба ў касьцюме… У любым… Дзе вы яго возьмеце, нікога не хвалюе. Ня можаце пайсьці - пішыце тлумачальную, у якой падрабязна выкладзіце прычыну. Калі прычыну палічаць несур’ёзнай, то абавяжуць ісьці. Адмаўляецеся? Атрымаеце вымову. Вядома, яна неабавязкова будзе за гэта, але выдумаць, за што, - справа нескладаная. А потым міністры кажуць, што выкладчыкі робяць толькі сваю працу і ня больш за тое».

Каб праясьніць сытуацыю, рэдакцыя датэлефанавалася ў аддзел ідэалёгіі, які займаецца арганізацыяй, рэжысурай і канцэпцыяй правядзеньня параду.

- Вядома, усе ідуць, увесь горад сьвяткуе. Гэта традыцыя, якой шмат гадоў, - патлумачыла начальніца аддзелу Натальля Аляксееўна.

- А дзе ўзяць гэткую колькасьць касьцюмаў?

- Дык усе дзесьці бяруць, шукаюць ва ўстановах культуры і адукацыі. Хто ім даручыў, хай з тымі і разьбіраюцца. Калі я арганізоўваю сваіх прадстаўнікоў у калёну, дык бяру касьцюмы ва ўстанове культуры і раздаю людзям. Яны іх апранаюць і радасна ідуць на парад. На падобных парадах мы адчуваем эмацыянальнае яднаньне, ахопленыя агульнай ідэяй, трапятаньне і хваляваньне. Калі хтосьці ня хоча ісьці і яму гэта ня ў радасьць, то яны спакойна могуць сказаць сваёй адміністрацыі: «Я займаю гэткую пазыцыю. Ну ня хочацца мне ісьці», - і не пайсьці. Нікога ня звольняць. Так, у гэтым ёсьць пэўныя цяжкасьці: трэба адцягнуцца ад хатніх спраў, паглядзець, ці ёсьць касьцюм, ці папрасіць у арганізатараў і выйсьці на гэты парад. Але паверце, потым людзі бясконца шчасьлівыя і вясёлыя, бо ёсьць адчуваньне сьвята. Вось у мяне дома ёсьць самы звычайны касьцюм Дзеда Мароза. Я купіла яго за 130 тыс. Настаўнікі могуць яго не купляць, а папрасіць у сяброў ці ў мяне. Для людзей майго пакаленьня [Натальля Аляксееўна 1966 году нараджэньня] любое мерапрыемства, зьвязанае з працоўным калектывам, мае форму ня толькі даручэньня, але і яднаньня. Калі б мне мая загадчыца сказала, што трэба ўдзельнічаць у парадзе, я б у дошку разьбілася і знайшла б гэты касьцюм, таму што савецкі чалавек. А моладзь сёньня, на жаль, думае прагматычна.

Onliner.by