Серада, 20 Студзень 2016

Цэнтар шматканфэсійнага Віцебску пазбавіцца паркавай зоны, але набудзе яшчэ адзін праваслаўны храм

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Заўвагі, выказаныя жыхарамі Віцебску падчас грамадзкага абмеркаваньня экалягічных наступстваў для навакольнага асяродзьдзя будаўніцтва сучаснага варыянту Сафійскага сабору, не паўплываюць на лёс 206 дрэваў і 4658 квадратных мэтраў газонаў.

Адзінае, што ў сёньняшніх складаных эканамічных умовах можа спыніць зьнішчэньне тэрыторыі ляндшафтна-рэкрэацыйнай зоны парку Партызанскай славы, – гэта адмова «Газпрому» фінансаваць амбіцыйны праект. Хаця рэальнасьць гэткай пэрспэктывы пакуль ніхто не прагназуе.

Грамадзкія слуханьні ў будынку адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску 18 студзеня адбыліся толькі дзякуючы пісьмоваму звароту менчука Рыгора Фёдарава, юрыста грамадзкай арганізацыі «Экадом». Актывіст у лісьце, дасланым уладам за трыццаць хвілінаў да Новага году, заявіў пра неабходнасьць абмеркаваньня вынікаў экалягічнай экспэртызы адносна ўзьдзеяньня будаўніцтва храму на навакольнае асяродзьдзе.

Старшыняваў на сходзе намесьнік кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Анатоль Кандратовіч. У залі акрамя чыноўнікаў ды журналістаў назьбіралася зь дзясятак неабыякавых месьцічаў, у асноўным людзей маладых і ініцыятыўных. Астатнія некалькі дзесяткаў тысячаў патэнцыйных удзельнікаў альбо нічога ня чулі пра сустрэчу, альбо загадзя ўсьведамлялі, што іхнае меркаваньне браць пад увагу ніхто ня зьбіраецца.

Як зацікаўленая асоба, настаяцель праваслаўнай абшчыны парафіі віцебскага Сафійскага сабору протаярэй Міхаіл Марціновіч гаварыў толькі пра перавагі, якія прынясе рэалізацыя праекту гораду і яго жыхарам. Зрабіўшы павярхоўны экскурс ў гісторыю полацкай Сафіі, ён ў чарговы раз абгрунтаваў важнасьць будаўніцтва, адзначыўшы, што Сафія стане знакавым аб'ектам ня толькі віцебскай епархіі, але і ўсёй Беларусі. Маўляў, як казаў найсьвяцейшы патрыярх, віцебская Сафія будзе сьведчыць пра вытокі хрысьціянства на Белай Русі і атаясамленьне дзяржаўнасьці, якая была празь вякі: Сафія Кіеўская – Русь Малая, Сафія Наўгародзкая – Русь Вялікая і Сафія Полацкая – Русь Белая.

Зважаць на тое, што ў ягоным сьцьверджаньні процьма гістарычных скажэньняў і падменаў, бацюшка, безумоўна, не зьбіраўся. Пабудова Полацкай Сафіі Ўсяславам Чарадзеем зьяўлялася ня толькі рэлігійнай падзеяй, але і палітычнай. Гэткім спосабам князь сьцьвярджаў незалежнасьць сваёй дзяржавы і роўнасьць Кіеву. Да таго ж хрост палачане прынялі на два гады раней за кіяўлян ад Торвальда Вандроўніка, якога абвясьцілі першым сваім сьвятым і культ якога існаваў у Полацку доўгія гады. Гэтую праўду ні сёньняшнія ўлады, ні сёньняшняя праваслаўная царква ведаць ня хочуць.

А вось які сымбалізм хаваецца за пабудовай Сафіі Віцебскай – сьвятар з прысутнымі не падзяліўся. Але перанос яе на процілеглы бераг Дзьвіны адносна Сафіі Полацкай ды разьмяшчэньне ў абдымках вуліц Суворава, Урыцкага, Чэхава, на месцы музэю партызанскай славы і помніку Ўладзімеру Караткевічу дае дапытліваму розуму шмат падставаў для цікавых інтэрпрэтацыяў.

Намесьнік кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віктар Галанаў, які курыруе пытаньні будаўніцтва, агучыў канцэпцыю, згодна зь якой гэты аб'ект мусіць злучыць у адзінае цэлае гэтак званае пешаходнае кола. Маршрут, які пачынаецца ад плошчы Перамогі, уздоўж Дзьвіны будзе даходзіць да будучага сабору, а затым скіруе падарожных у адваротны бок па вуліцы Суворава. Гэты шлях праз знакавыя аб'екты мусіць даць пэўнае ўяўленьне пра архітэктурна-гістарычную мінуўшчыну места.

Паводле чыноўніка, на добраўпарадкаваньне гэтай тэрыторыі, як і на самастойнае аднаўленьне былых знакавых віцебскіх храмаў, гарадзкія ўлады сродкаў ня маюць, а праект дапаможа ўпарадкаваць 1,3 гектару тэрыторыі, 0,39 гектару зь якой адыдзе пад культавы аб'ект.

Выступ інжынэра-эколяга праектнай арганізацыі «Будгандальсэрвіс» Яўгена Андрыянава, які рабіў экалягічную экспэртызу, быў надзіва кароткім. Адзначыўшы, што замест зьнішчаных будзе пасаджана 596 дрэваў на тэрыторыі мікрараёну Поўдзень-3 і двух пустак у іншых раёнах гораду, ён спыніўся на гаючых уласьцівасьцях царкоўных званоў, чым выклікаў скептычныя рэплікі з залі.

Некалькі пытаньняў, зададзеных месьцічамі, паставілі эколяга ў тупік, зь якога ён не знайшоў выйсьця аж да канца абмеркаваньня. Так, адзін з прысутных у залі абурыўся тым, што летась, абмяркоўваючы канцэпцыю будаўніцтва сабору, казалі пра зьнішчэньне ўсяго ад 40 да 50 дрэваў, цяпер жа апэтыты павялічыліся ажно да 206, а якой колькасьці дрэваў горад пазбавіцца насамрэч? Было зададзенае пытаньне і пра тое, ці прыжывуцца 596 дрэваў, якія мяркуюць высадзіць на пустках, калі пасьля высадкі дрэваў іх ня будзе каму даглядаць; пры гэтым ніхто ня кажа, ці рабіліся спробы азеляненьня гэтых пустак раней. Бацькі пацікавіліся, праз колькі гадоў можна будзе прайсьціся зь дзецьмі ў той упарадкаванай зоне недалёка ад царквы пад шатамі падрослых дрэваў. Нейкі бацька дваіх дзяцей зазначыў, што прагуляцца ў цэнтры гораду цяпер можна толькі ў батанічным садзе ці ўсьцяж Віцьбы. Таму ў добрае надвор'е шчыльнасьць маці зь дзецьмі ў батанічным садзе роўная адлегласьці ў два мэтры.

Паводле віцебчукоў, што прысутнічалі на грамадзкім абмеркаваньні, ім таксама незразумела, навошта зьнішчаць парк, каб у 100 мэтрах ад храму, што ўжо існуе, пабудаваць яшчэ адзін храм. Складаецца парадаксальная сытуацыя, калі шчыльнасьць праваслаўных цэркваў у цэнтры гораду адваротна прапарцыйная шчыльнасьці паркаў. Прытым храмы іншых канфэсіяў у цэнтар наогул не дапускаюцца – вось такая ў «культурнай сталіцы» краіны рэлігійная талерантнасьць.

Магчымасьць выказацца грамадзянам, вядома, далі, але пазыцыя прыхільнікаў будаўніцтва для вырашэньня пытаньня выявілася больш важнай. Апошнія ж выказвалі выключна свае мэркантыльныя інтарэсы. Так, царкоўнікі заявілі пра павелічэньне свайго аўтарытэту і ўплыву на грамадзтва, а прадстаўнікі гарадзкіх уладаў – пра пляны выкарыстаць дадатковыя інвэстыцыйныя магчымасьці для ўладкаваньня гарадзкога асяродзьдзя. І гэта якраз той выпадак, калі можна сказаць, што грошы ня пахнуць.