— Гэта традыцыйная зьява, калі на істотныя, вялікія мерапрыемствы нас гадамі нікуды не запрашаюць. Пэрсанальна, бывае, далучаюцца людзі — як прыватныя пэрсоны, чалавек можа на свой страх і рызыку некуды паехаць. Але тых жа стэндаў для недзяржаўных выдавецтваў звычайна не прапануецца, і афіцыйна дэлегацыя ня езьдзіць.
Мы ставімся да гэтага з разумнай доляй іроніі. Бо быць проста фонам недзе там для дзяржаўных чыноўнікаў і рабіць карцінку лібэралізацыі, калі яе няма, ніхто ня хоча. І гэта абсалютна ня мае сэнсу. А нейкіх сур’ёзных, істотных крокаў насустрач ці тэндэнцыяў для паляпшэньня дачыненьняў зь незалежным Саюзам беларускіх пісьменьнікаў як не было, так і няма.
Таму мы працуем з чытачамі, ладзім імпрэзы, вечарыны, сустрэчы сваім рэсурсамі, сваімі магчымасьцямі. Мы часам не трапляем у залі, куды можна было б. Але мы маем сталы і добры кантакт з чытачамі. І без такога кшталту мерапрыемстваў не сумуем. Бо там часьцей за ўсё ідзе размова “за палітыку”. А мова і літаратура — толькі фон, на якім хочуць паказацца чыноўнікі.
Вядомы беларускі пісьменьнік Уладзімер Арлоў, палачанін паводле нараджэньня, які многа пісаў пра гісторыю Полацку, сказаў, што яго на Дзень беларускага пісьменства ў Полацак не запрасілі:
— Але нават калі б мяне і запрасілі, я не люблю гэтых афіцыйных урачыстасьцяў. У мяне будзе сваё сьвята: я паеду і на самоце прайду па дарагіх мне вуліцах. І, безумоўна, цікавіць помнік тысячагодзьдзю беларускай дзяржаўнасьці. Але для мяне неістотна, запрасілі мяне афіцыйныя ўлады ці не. У мяне з гэтымі ўладамі ўзаемныя пачуцьці. У тым ліку зь цяперашнімі полацкімі.
Я, вядома, рады, што гэтыя ўрачыстасьці адбываюцца ў Полацку. Але я лічу злачынствам тое, што Полацак некалькі гадоў таму быў пазбаўлены свайго ранейшага статусу і стаў шараговым райцэнтрам. Гэта поўнае неразуменьне ўладай значнасьці Полацку як нашай першай сталіцы. Неразуменьне пэрспэктыў Полацку як турыстычнай сталіцы. Я і мае сябры, аднадумцы спрабавалі гэтаму супрацьстаяць, але гэта было марна.
Падчас Дня беларускага пісьменства ў Полацку пройдзе прэм'ера фільму «Першадрук» пра Францішка Скарыну, таксама будзе адкрыты памятны знак «Полацак — калыска беларускай дзяржаўнасьці», аўтарам якога зьяўляецца Ўладзімер Піпін. На знаку адлітыя ў бронзе шчыты з партрэтамі Рагвалода, Рагнеды, Усяслава Чарадзея, Эўфрасіньні Полацкай ды іншых гістарычных асобаў.
Дзень беларускага пісьменства зьяўляецца нацыянальным сьвятам, якое адзначаецца з 1994 году. Упершыню сьвята прайшло ў Полацку.
Алесь Дашчынскі, svaboda.org