Нагадаем, у лістох, якія аршанцы накіроўвалі дырэктару аўтапарку №3 была просьба аднавіць абвяшчэньне прыпынкаў па-беларуску. Бо гэта, на думку гараджан, спрыяе патрыятычнаму выхаваньню і паляпшае турыстычны імідж гораду. У адказе, атрыманым у якасьці рэакцыі на адзін з калектыўных лістоў, было паведамлена, што абвесткі па-беларуску адмянілі пасьля скаргі «адной грамадзянкі», якая «заўважыла памылкі».
Дзіўна, але звароты дзясяткаў людзей ня выклікалі актыўнасьці кіраўніцтва аўтапарку, калі гаворка зайшла не пра адмену, а пра аднаўленьне беларускамоўных абвестак. Высьветлілася, што адмяніць – прасьцей, чымся паклапаціцца пра імідж гораду і станоўчыя ўражаньні турыстаў, якія ня бачаць у Беларусі дастаткова нацыянальнага калярыту. Адзінае, што прапанаваў аўтапарк аўтарам звароту – гэта самім, на добраахвотнай аснове, перакласьці назвы прыпынкаў на беларускую мову. І хоць ахвотныя зрабіць гэта ўжо знайшліся, так і застаецца незразумелым, якім чынам будзе запісаная фанаграма перакладзеных абвестак, і ці ёсьць гарантыя таго, што яна насамрэч будзе выкарыстаная.
Паказальна, што падобных праблем не паўстае ў іншых населеных пунктах – прыкладам, у Віцебску, дый у іншых рэгіёнах, дзе паважаюць правы людзей на карыстаньне роднай мовай. Беларускамоўныя абвесткі там гучаць у транспарце бесьперашкодна, і кіраўніцтва аўтапаркаў знаходзіць сродкі і магчымасьці, каб зрабіць якасны пераклад мясцовых назваў на беларускую мову.
Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"