Для Віцебску імпрэза стала значнай падзеяй. Гасьцямі і ўдзельнікамі форуму сталі 240 чалавек зь пяці краін, 30 грамадзкіх арганізацыяў, 50 цэнтраў сацыяльнага абслугоўваньня, прадстаўнікі мясцовай улады і міністэрстваў, а таксама разнастайныя СМІ.
У холе палаца ўдзельнікаў форуму сустракаў шырокі кірмаш-продаж, на якім была прадстаўленая прадукцыя, зробленая інвалідамі з усіх рэгіёнаў Віцебскай вобласьці (Гарадоцкага, Браслаўскага, Сеньненскага і інш.), а таксама гораду Менску. У наведвальнікаў выклікала зьдзіўленьне ня толькі геаграфія ўдзельнікаў кірмашу, але і іх разнастайны асартымэнт тавараў і паслугаў: тут былі вырабы са скуры, шкла, дрэва, паперы, тканіны, гліны. Зялеза. Акрамя гэтага можна было азнаёміцца з дызайнэрскімі, рэклямнымі, турыстычнымі, касмэтычнымі і іншымі паслугамі.
На пачатку працы форуму з прывітальным словам выступілі арганізатары імпрэзы – Уладзімер Корж, старшыня Міжнароднага Аб'яднаньня «Акт», і Тацяна Паеўская, старшыня арганізацыі «Сьвет бязь межаў».
Сам жа форум складаўся з уступнага блёку і працы ў розных сэкцыях.
Ва ўступным блёку з дакладам выступіў Сяргей Драздоўскі, дырэктар ПГА «Офіс па правох людзей з інваліднасьцю», у якім асьвяціў бягучае становішча з правамі інвалідаў у сьвеце і ў Беларусі.
За ім выступіла Вераніка Герасімава, кіраўніца Цэнтру разьвіцьця прадпрымальніцкай актыўнасьці людзей з інваліднасьцю «Вузел» з дакладам «Пашырэньне магчымасьцяў маладых людзей з інваліднасьцю праз рэалізацыю права на працу і прадпрымальніцтва». Зь яе дакладу можна было даведацца шмат цікавай інфармацыі. Напрыклад, пра тое, што ў Беларусі ўсяго 18% інвалідаў працуе, тады як у краінах Эўразьвязу гэты паказчык складае 40%.
Праца жа ў сэкцыях была разьбітая на 4 тэматычныя групы:
– сацыяльнае прадпрымальніцтва (разглядаліся пытаньні: паняцьце і зьява сацыяльнага прадпрымальніцтва ў РБ, статус сацыяльнага прадпрымальніка ў дзяржаве, ільготы для прадпрымальнікаў, якія ствараюць працоўныя месцы для людзей з інваліднасьцю, і г.д);
– прафэсійнае навучаньне, прафэсійная падрыхтоўка, прафарыентацыя людзей з інваліднасьцю (пытаньні: меры дзяржаўнай падтрымкі ў арганізацыі самазанятасьці, досьвед працы ўстановаў адукацыі ў сфэры прафэсійнай падрыхтоўкі людзей з інваліднасьцю і г.д);
– дзейнасьць установаў сацыяльнага абслугоўваньня ў галіне занятасьці і працаўладкаваньня людзей з інваліднасьцю: адаптацыя, занятасьць, працаўладкаваньне (працаўладкаваньне ў межах працоўнай адаптацыі, адметнасьці работы ў гэтай сфэры недзяржаўных некамэрцыйных арганізацыяў і г.д);
– права людзей з інваліднасьцю на працу і яе нарматыўна-прававое рэгуляваньне (нарматыўна-прававое рэгуляваньне працаўладкаваньня людзей з інваліднасьцю ў РБ, неабходнасьць прававога рэгуляваньня ўмоваў працы грамадзянаў з інваліднасьцю і г.д).
Апроч гэтага, для ўдзельнікаў форуму былі арганізаваныя экскурсіі на прадпрыемствы і арганізацыі гораду, якія выкарыстоўваюць працу інвалідаў.
https://viciebskspring.org/news/bezbarernae-asjarodzdze/item/2300-u-vitsebsku-prajshou-forum-yaki-palepshyts-zhytstsjo-lyudzej-z-invalidnastsyu#sigProIdfdcd96d88d
Уладзімер Бяляўскі