Зараз з удзелам ураджэнца Оршы заснавальніка і кіраўніка Дабрачыннага фонду паралімпійца Аляксея Талая ў санаторна-курортных установах Мінскай вобласці адпачываюць 350 дзяцей з Данбаса. Усяго пры фінансавай падтрымцы Саюзнай дзяржавы фонд плануе ў верасні-кастрычніку прывесці з акупаваных украінскіх тэрыторый у Беларусь 1050 чалавек. У чэрвені Талая ўнеслі ва ўкраінскую базу інфармацыйнага рэсурса «Міратворац». На гэтым сайце публікуюць дадзеныя тых, хто датычны да расейскай вайсковай і гібрыднай агрэсіі супраць Украіны.

Пра неабходнасць «вярнуць на ўказальнікі рускую мову» сустаршыня аргкамітэту руху «Гражданское согласие» Эльвіра Мірсалімава заявіла ў інтэрв’ю інфармацыйнай агенцыі REGNUM. Крыху раней у сацыяльных сетках яна скардзілася на тое, што яе «прарасейская дзейнасць» не знаходзіць падтрымкі ў беларускім грамадстве. Вырашыўшы тэрмінова прыцягнуць увагу да свае персоны, Эльвіра Мірсалімава далучылася да дыскусіі, якая ўжо месяц як трывае на розных прарасейскіх інтэрнэт-рэсурсах, – пра беларускую лацінку ў інфармацыйна-візуальнай прасторы.

23 жніўня распачаўся дэмантаж помніка савецкім салдатам у рыжскім парку Перамогі. Рашэнне пра знос было прынятае Думай гораду Рыгі яшчэ 13-га траўня. А праз тры дні віцебскія прадстаўнікі ЛДПБ, «Белай Русі» і БРСМ на знак пратэсту зладзілі несанкцыянаваны пікет каля консульства Латвіі. Удзельнікаў несанкцыянаваная масавай акцыі, якія паводзілі сябе агрэсіўна і заміналі руху мінакоў, віцебская міліцыя «не заўважыла»- ніхто не быў пакараны за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Насупраць, рыжская паліцыя затрымала некалькі чалавек з ліку мясцовых прыхільнікаў «русского мира», якія выйшлі пратэставаць супраць дэмантажу помніка.

У Дзень Чырвонага Крыжа стала вядома, што ў Беларусі, пры падтрымцы міжнародных гуманітарных інстытуцый, рэалізуецца шэраг праектаў па аказанні дапамогі бежанцам з Украіны. У гэтых праектах удзельнічаюць работнікі і валанцёры Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. 

У абласным цэнтры з 15 па 26 чэрвеня праходзіць пяты праваслаўны фестываль «Радасць». Гандлёвыя павільёны і тэматычныя пляцоўкі разгарнуліся на пешаходнай вуліцы Пушкіна ў гістарычным цэнтры горада. Асобна прадстаўлены стэнд для збору дапамогі жыхарам акупаванага Данбаскага рэгіёну Ўкраіны.